У студзені за пратэст супраць Лукашэнкі ў крымінальных справах засудзілі 46 чалавек

Вітольда Ашурка асудзілі на 5 гадоў турэмнага зьняволеньня, гэта найбольшы прысуд у студзені 2021

Па стане на 1 лютага праваабаронцам вядома больш за 770 фігурантаў крымінальных справаў, заведзеных пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сувязі з пратэстамі. 217 чалавек з гэтага сьпісу на гэты момант зьяўляюцца палітычнымі зьняволенымі.

Перасьледаваныя людзі — удзельнікі прэзыдэнцкай гонкі, актывісты іх штабоў, удзельнікі поствыбарчых акцый пратэсту, піша «Вясна».

Цягам двух апошніх месяцаў 2020 году судзьдзі вынесьлі больш за 100 прысудаў у крымінальных справах, зьвязаных з пратэстамі ці іх наступствамі. У студзені 2021 суды працягнулі справы з палітычнай афарбоўкай. Па зьвестках праваабаронцаў, цягам студзеня агучылі як мінімум 46 такіх прысудаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сапраўдны мясцовы лідэр». Чым вядомы актывіст Вітольд Ашурак, які атрымаў 5 гадоў турмы за пратэсты

Больш за ўсё людзей асудзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) — 18. Як мінімум 11 чалавек пакаралі паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

16 прысудаў агучылі па дыфамацыйных артыкулах:

  • за зьнявагу дзяржаўнай сымболікі паводле арт. 370 КК асудзілі 4 чалавекі,
  • за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) — 8 чалавек,
  • за абразу прэзыдэнта (арт. 368 КК) — 4 чалавекі,
  • за паклёп (188 КК) — 2 чалавекі.

7 чалавек асудзілі за хуліганства (арт. 339 КК) — раскіданыя самарэзы, «абразьлівыя» надпісы і «цынічныя» акцыі з пудзіламі міліцыянтаў.

23 асуджаных у Менску, 2 у Менскай вобласьці, 8 чалавек у Горадзенскай, 7 у Берасьцейскай, 3 у Гомельскай, 2 у Віцебскай і 1 прысуд па Магілёўскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мастах на год калёніі асудзілі мужчыну за акцыі з пудзіламі міліцыянтаў і канфіскавалі машыну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 19-гадовую палітзьняволеную Рэнату Сьмірнову асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» за блякаваньне дарогі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнта Вінакурава за заклік да страйку асудзілі на тры гады «хіміі». Відэа, фота