У Менску ў нядзелю затрымалі больш за 120 чалавек

Затрыманьне мірных пратэстоўцаў у сярэдзіне студзеня 2021, Менск

31 студзеня ў цэнтры Менску адбыліся затрыманьні, калі сотні чалавек выйшлі без плякатаў і сьцягоў на супольную прагулку.

Паводле стану на 20.11, як інфармуе Тэлеграм-канал «Списки задержанных», затрыманых налічваецца 121.

У нядзелю 31 студзеня ў цэнтры гораду сілавікі былі затрымалі швайцарскую журналістку Люцыю Чыркі (Luzia Tschirky), якая мае акрэдытацыю для працы ў Рэспубліцы Беларусь. Прычыну затрыманьня ёй не паведамілі, а ейнае месцазнаходжаньне было невядомае, паведаміў тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Пасьля 17 гадзіны стала вядома, што Люцыю Чыркі адпусьцілі, пра гэта яна напісала ў твітэры:

«Я ехала выпіць кавы з сябрамі, калі на святлафоры спыніўся мікрааўтобус. Людзі ў масках без тлумачэньня прычын зацягнулі нас у машыну. Мая сяброўка і яе муж усё яшчэ знаходзяцца ў зняволеньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню за апошнія месяцы дэманстранты выйшлі ў цэнтар Менску

Таксама стала вядома пра затрыманьне ў сталіцы Анісіі Казлюк (Гурскай) і Юлія Ільюшчанкі. Ініцыятыва «Списки задержанных» паведамляе агулам пра 55 затрыманых па стане на 17:30.

Паводле паведамленьня каналу «Мотолько» адбылося затрыманьне таксама на Кастрычніцкай плошчы, ёсьць аўтобусы сілавікоў за Домам ураду. Вельмі шмат тэхнікі, людзей у чорным. Сілавікі выкралі з вуліцы пару маладых людзей, якія пераходзілі дарогу на Сьвярдлова да кавярні.

У нядзелю ў Беларусі працягваліся раённыя акцыі пратэсту, найбуйнейшыя акцыі па традыцыі праходзяць у Менску, дзе больш за ўсё і затрыманьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акцыі салідарнасьці ў 176-ты дзень пратэстаў у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА