Шэсьце праходзіла тым жа маршрутам, што і сем гадоў таму, калі 26 студзеня 2014 году ў апошні шлях праводзілі грамадзяніна Беларусі Міхася Жызьнеўскага, які загінуў ад кулі снайпэра ў часе масавых акцый пратэсту ў Кіеве ў 2013-2014 гадах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сем гадоў таму ў Кіеве загінуў Міхась Жызьнеўскі. Гісторыя жыцьця, сьмерці і ўганараваньня беларускага Героя ЎкраіныУшанаваць памяць Героя Ўкраіны прыйшлі сябры беларускага Руху салідарнасьці «Разам», беларускага цэнтру «Сябры», гарадзкіх арганізацый Народнага руху Ўкраіны, Правага сэктару і УНА-УНСО, у якія ўваходзіў і Міхась Жызьнеўскі.
Пад сьцягамі сваіх арганізацый яны прайшлі шэсьцем ад Міхайлаўскай да Сафійскай плошчы, Храшчацікам і накі раваліся да вуліцы Грушэўскага, дзе на месцы забойства Міхася Жызьнеўскага стаіць памятны знак.
У часе маршу актывісты несьлі вялікі сьцяг, у якім аб’ядналіся бел-чырвона-белае і жоўта-блакітнае палотнішчы – яны сымбалізавалі нацыянальны беларускі і дзяржаўны ўкраінскі сьцяг. Удзельнікі акцыі скандавалі «Слава Ўкраіне!», «Жыве Беларусь!», «Героі не паміраюць»,«Верым, можам, пераможам», «Міхась Жызьнеўскі – герой Украіны і Беларусі», «За нашу і вашу свабоду», «Разам пераможам!».
Да гэтага шэсьця далучыліся і беларусы, які зьехалі ва Ўкраіну пасьля выбараў. На гадзіну раней яны традыцыйна правялі на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве сваю акцыю салідарнасьці пад назвай «Героі не паміраюць».
На ёй зьбіралі подпісы пад зваротам у АБСЭ і ААН з заклікам стварыць міжнародны орган для расьсьледаваньня злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і далейшага яго прыцягненьня да адказнасьці.
«Мы ўжо сабралі больш як 100 подпісаў, адначасова такія ж акцыі адбываюцца ў Львове, Адэсе і Чарнігаве. Потым мы адначасова накіруем гэтыя звароты з патрабаваньнем стварыць міжнародны трыбунал у міжнародныя арганізацыі», – сказаў Свабодзе гомельскі актывіст Валер Сьляпухін. Ён знаходзіцца ва Ўкраіне ўжо больш як два месяцы – вымушаны быў уцячы пасьля двух адміністрацыйных арыштаў і штрафаў.