Паводле горадзенскай міліцыі, падстава ператрусаў — «факты захоўваньня рэсурсамі прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай», «матэрыялаў аднаго тэлеграм-канала», паведаміла УУС Горадзенскага аблвыканкаму.
Hrodna.life і Newgrodno.by — папулярныя незалежныя інфармацыйныя рэсурсы, якія асьвятляюць жыцьцё Горадні і рэгіёна.
Уладальніка крамы «Адметнасьць» Сяргея Верамеенку, які выклаў відэа з АМАПам на пачатку ператрусу, затрымалі, паведамляюць горадзенскія праваабаронцы.
Імаверна, вядзецца пра тэлеграм-канал Nexta live, які суд Ленінскага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкім летась у кастрычніку, пра што і кажуць у заяве горадзенскія міліцыянты.
Ва УУС адзначылі, што «матэрыялы знаходзіліся ў вольным доступе, а рэдакцыі названых інтэрнэт-рэсурсаў мелі дастаткова часу для прывядзеньня сваёй дзейнасьці ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі заканадаўства Беларусі па супрацьдзеяньні экстрэмізму, чаго імі зроблена не было. Больш за тое, абодва рэсурсы асьвятлілі ў сябе прызнаньне матэрыялаў дэструктыўнага тэлеграм-канала экстрэмісцкімі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеграм-канал NEXTA-Live і лягатып NEXTA ў Беларусі прызналі экстрэмісцкіміРаспачаты адміністрацыйны працэс. Рэдакцыям пагражае штраф да 14 500 рублёў і канфіскацыя аргтэхнікі.
«Проста цяпер супрацоўнікамі Ленінскага РАУС пры падтрымцы байцоў АМАП праводзяцца агляды рэдакцыйных памяшканьняў Hrodna.life і NewGrodno.by, канфіскацыя аргтэхнікі абедзьвюх рэдакцый для яе далейшага накіраваньня на экспэртызы», — паведаміла абласное УУС.
Рэдактар Hrodna.life: Ня ведаю, якія матэрыялы міліцыя мае на ўвазе
Як паведаміў БелаПАН галоўны рэдактар і дырэктар Hrodna.life Аляксей Шота, сёньня раніцай у памяшканьне, дзе знаходзіцца крама «Адметнасьць», які гандлюе таварамі з беларускай сымболікай, і офіс рэсурсу (яны маюць адзін уваход), прыйшлі супрацоўнікі АМАП.
«Рэдакцыі не было на месцы, з-за кавіду многія супрацоўнікі працуюць дыстанцыйна, зьбіраюцца час ад часу. У момант прыходу міліцыі ніхто не прыехаў — ні я, ні супрацоўнікі. Быў толькі ўладальнік крамы. Паводле нашай інфармацыі, яго затрымалі, але мы не можам праверыць, мы пакуль не там. Пасьля чаго мне патэлефанавалі і запрасілі на вобшук. Я хачу прыехаць з адвакатам», — сказаў Шота.
На пытаньне, ці ведае ён, што УУС абвінавачвае рэсурс у захоўваньні і распаўсюджваньні экстрэмісцкай інфармацыі, ён адзначыў:
«Так. Наколькі мы зразумелі, дзесьці на сайце знайшлі старыя спасылкі на экстрэмісцкі тэлеграм-канал. Мы, як толькі ён быў прызнаны экстрэмісцкім, пачысьцілі спасылкі на яго. Я дакладна ня ведаю, якія матэрыялы міліцыя мае на ўвазе. Нам не прыходзіла лістоў, не было тэлефанаваньняў. Нас ні пра што не папярэджвалі».
У прысутнасьці адной з журналістак Hrodna.life з рэдакцыі забралі ўсю тэхніку, кампутары, фотаапараты, дрон і ўсю прадукцыю.
У рэдактара Newgrodno Ігара Бублікава (Рэмзіка) таксама скончыўся пераратрус. Яго выпусьцілі пасьля апытаньня, але забралі сыстэмны блёк кампутару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ унёс Пуцілу і Пратасевіча ў тэрарыстычны сьпіс