Новы дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на сваім першым брыфінгу заявіў, што ЗША «глыбока занепакоеныя» арыштам расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага і ў сувязі з гэтым не выключаюць мер у адказ.
«Ягоны голас — гэта голас шмат каго з расейцаў, і ён павінен быць пачуты, а не заглушаны», — прыводзіць Reuters словы Блінкена.
Дзяржсакратар ЗША не ўдакладніў, якія менавіта захады ЗША могуць увесьці супраць расейскіх уладаў, бо Вашынгтон павінен спачатку завяршыць аналіз сытуацыі, перадае CNBC.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У паплечнікаў Навальнага за дзень правялі 15 ператрусаў, ягонага брата і юрыстку фонду затрымаліБлінкен нагадаў, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн раней распарадзіўся вывучыць інфармацыю аб магчымай ролі Расеі ў такіх падзеях, як хакерскія атакі на Solar Winds, умяшаньне ў выбары ў ЗША 2020 году і выплата ўзнагароджаньняў за напады на вайскоўцаў ЗША ў Аўганістане.
«Як казаў прэзыдэнт [Джо Байдэн], мы праводзім агляд усіх гэтых дзеяньняў, якія выклікаюць у нас глыбокую заклапочанасьць, у тым ліку сытуацыя з Навальным і відавочным выкарыстаньнем хімічнай зброі ў спробе яго забойства», — сказаў кіраўнік Дзярждэпартамэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд барацьбы з карупцыяй адказаў на заявы Пуціна пра палац пад ГеленджыкомУ Маскве 27 студзеня прайшлі масавыя ператрусы. Сілавікі прыйшлі ў кватэру Навальнага ў Мар’іне, а таксама ў здымную кватэру, дзе ён жыў апошнія некалькі гадоў. Адваката туды не пусьцілі. Ператрусы таксама прайшлі ў студыі ютуб-каналу «Навальный. LIVЕ», у офісе ФБК, у прэс-сакратара Навальнага і ўдзельніцы Pussy Riot Марыі Алёхінай — адразу па 14 адрасах, дзе жывуць і працуюць прыхільнікі палітыка Аляксея Навальнага, а таксама іншыя вядомыя апазыцыянэры.
Пасьля на 48 гадзін былі затрыманыя брат апазыцыянэра Алег Навальны, Любоў Собаль, Марыя Алёхіна. Сьледчыя мерапрыемствы праходзілі ў межах крымінальнай справы аб парушэньні санітарна-эпідэмічных правілаў, заведзенай пасьля мітынгаў у абарону Аляксея Навальнага, які знаходзіцца пад арыштам.