«Даводзіцца пачынаць усё з нуля». Як жывецца беларускім страйкоўцам, якія зьехалі за мяжу

Юлія Сьліўко на мітынгу ў Варшаве

Сабралі тры гісторыі — тэлевізійніка, будаўніка і азотаўца, якія далучыліся да страйку, а потым зьехалі. Як яны перайшлі дзяржаўную, чым заняліся ў іншай краіне і наколькі проста ім пачынаць жыцьцё наноў — у публікацыі Свабоды.

Гісторыя 1. Тэлевізійнік

Аштрафавалі за сьцяг на дроне

32-гадовы Эльшад Акбераў тры гады ўзначальваў гарадзкую тэлевізію «Сфэра» ў Жодзіне. Пасьля 9 жніўня на гэтым канале сталі без цэнзуры паказваць, што сапраўды адбываецца ў краіне, у тым ліку пратэсты і гвалт над дэманстрантамі. Эльшад мяркуе, што гэта і быў іхны страйк. 15 жніўня канал закрылі, дырэктара звольнілі.

Эльшад Акбераў

Эльшад выходзіў на акцыі пратэсту. За тое, што ўзьняў на дроне бел-чырвона-белы сьцяг, суд прызначыў яму 540 рублёў штрафу. У канцы кастрычніка да Акберава дадому прыйшлі міліцыянты, правялі агляд, забралі ўсю тэхніку, самога затрымалі на трое сутак. Прычына — удзел у пратэставым маршы ў верасьні.

Калі Эльшада выпусьцілі, ён зразумеў, што далей заставацца ў краіне небясьпечна. Баяўся нават вяртацца дадому, бо думаў, што зноў могуць прыйсьці. Таму хутка сабраў самыя неабходныя рэчы, 500 даляраў і праз тры дні рэйсавым аўтобусам выехаў ва Ўкраіну. Мяжу прайшоў без праблем, штраф сплаціў напярэдадні.

Эльшад падчас працы

«Я плянаваў, што зьеду на тыдзень, але мінула ўжо тры месяцы», — кажа Эльшад.

«Беларускі дом»​ дапамог на першы час з жытлом і грашыма

Грошай хапіла на адзін месяц у Львове. Знаёмыя дапамаглі на першы час з жытлом. Аднак працы ва Ўкраіне Эльшад не знайшоў. Мясцовыя валянтэры параілі ехаць у Польшчу, дапамаглі зрабіць візу, падказалі кантакты «Беларускага дома» ў Варшаве.

Эльшад у польскім санаторыі

Беларускі дом заапекаваўся Эльшадам. На 10 дзён карантыну яго адправілі ў санаторый, дзе адпачывалі іншыя страйкоўцы і пратэстоўцы. Да таго ж выдзелілі матэрыяльную дапамогу, якой хапіла, каб наняць пасьля карантыну гостэл, а потым і пакой у кватэры на месяц за 1000 злотых. На ўмовы мужчына ня скардзіўся. Кажа, што ў гостэле нават весялей, бо ёсьць кампанія.

Эльшад адчувае за мяжой дыскамфорт, бо ня ўмее па-польску. Разумее, калі гавораць выразна і павольна, але сам нешта сказаць пакуль ня можа. Плянуе пайсьці на курсы польскай мовы.

«Палякі, калі чуюць расейскую або беларускую гаворку, нават калі разумеюць, ня будуць табе дапамагаць. Не разумеюць — і ўсё. Аднак калі даведваюцца, што я зь Беларусі, то вельмі падтрымліваюць», — кажа суразмоўца.

Эльшад паспрабаваў працаваць на адну з рэдакцый як журналіст, але зразумеў, што гэта не ягонае. Цяпер знайшоў працу па прафэсіі — відэаапэратарам, праходзіць выпрабавальны тэрмін.

«Цябе выдзіраюць з жыцьця, дзе ты пасьпяховы»

Мужчына прызнаецца, што, як толькі зьехаў зь Беларусі, было вельмі цяжка.

«У мяне да гэтага штодня было нешта новае. Я быў заўсёды ў цэнтры падзей. У мяне было шмат сяброў. І тут цябе выдзіраюць з жыцьця, якое табе падабаецца. Нібыта выкінулі на ўзбочыну», — расказвае Эльшад.

Калі ў яго пытаюцца, па чым ён сумуе больш за ўсё, мужчына адказвае, што найбольш сумуе па сваім жыцьці.

Цяпер у беларуса зьявілася шмат сяброў у Варшаве.

«Вядома, ня так, як раней. Раней я быў, можна сказаць, каралём. Цяпер даводзіцца пачынаць усё з нуля. Гэта вельмі цяжка», — прызнаецца суразмоўца.


«Раней я быў, можна сказаць, каралём»

На ягоную думку, зьехаць за мяжу на заробкі — зусім іншае. Тады чалавек ведае, што заўжды можа свабодна вярнуцца на радзіму.

«Тут ты разумееш, што назад дарогі няма. Або трэба замацавацца, або ты будзеш бамжом», — мяркуе Эльшад.

Кажа, калі ў Беларусі ўсё зьменіцца цягам месяца, ён гатовы вярнуцца дадому.

Гісторыя 2. Будаўнік

«Валізка была ўжо напалову сабраная»

34-гадовая Юлія Сьліўко 13 гадоў працавала тынкаркай у арганізацыі «Гроднапрамбуд». Далучылася да страйку, выступала на мітынгах у Горадні.

У верасьні яе звольнілі, аштрафавалі за ўдзел у мітынгу. Выклікалі ў Сьледчы камітэт на допыт у якасьці сьведкі паводле крымінальнага артыкулу аб арганізацыі беспарадкаў. Невядомыя сталі тэлефанаваць з пагрозамі. Калі дома нікога не было, нехта ўскрыў дзьверы ў Юлін пакой у інтэрнаце.

Юлія Сьліўко

Юлія выхоўвае 12-гадовага сына. Перажывала за сваю і ягоную бясьпеку, таму спачатку яны зьехалі з інтэрнату і хаваліся ў іншых месцах. Знаёмыя папярэдзілі, што ёсьць загад яе затрымаць. У той жа дзень Юлія сабрала рэчы, купіла білеты на аўтобус і разам з сынам зьехала ў Польшчу. Валізка была ўжо амаль гатовая.

На мяжы Юлію з сынам трымалі досыць доўга — правяралі дакумэнты, перапісвалі дадзеныя, некаму званілі, аднак урэшце дазволілі выехаць. Рэчы пільна не аглядалі. Іншых людзей прапускалі за пару хвілін.

«Калі атрымаю эўрапейскую адукацыю, усё роўна прыеду ў Беларусь»

У Польшчы ім дапамог «Беларускі дом». Іх накіравалі на два месяцы ў санаторый у гарах, каб аднавіцца пасьля перажытага ў Беларусі. Грашыма дапамагла фундацыя «Акно на Ўсход», а таксама неабыякавыя беларусы. Цяпер Юлія пачала атрымліваць стыпэндыю ва ўнівэрсытэце — каля 300 даляраў. Кватэру-аднапакаёўку з асобнай кухняй дапамог наняць фонд Humanus, аплацілі арэнду за першы месяц. Умовы Юлія называе ня горшымі, чым у Горадні.

«Мы не шыкуем тут. Але жывём нармальна, стандартна», — тлумачыць гарадзенка.

Яна паступіла ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на факультэт псыхалёгіі па праграме Каліноўскага. Навучаньне разьлічанае на 5 гадоў. Першыя паўгода Юлія будзе вучыць польскую мову. Пакуль яна вучыцца дыстанцыйна з прычыны пандэміі. У Беларусі скончыла ўнівэрсытэт па кірунку «практычная псыхалёгія».

Сын Юліі ўжо пайшоў у звычайную польскую школу ў шостую клясу, як і ў Беларусі. Туды складана трапіць пасярод году, бо бюджэт на кожнага школьніка разьлічваюць перад пачаткам навучаньня. У школе заняткі таксама дыстанцыйныя, але Юлін сын будзе займацца вочна, бо пакуль ня ведае польскай мовы. Хлопчык ня скардзіцца на цяжкасьці ў навучаньні, бо разумее, чаму сям’я зьехала. Цяжэй за ўсё яму даецца гісторыя Польшчы.

Юлія падчас адпачынку

Падчас адпачынку ў санаторыі Юлія знайшла сяброў, прыяцеляў. Таксама знаходзіць у Польшчы аднадумцаў праз сацыяльныя сеткі. Яны сустракаюцца, ходзяць на маршы, гуляюць.

«Трэба неяк перажыць гэты пэрыяд», — кажа суразмоўца.

У жанчыны застаецца пачуцьцё віны, што зьехала ў цяжкі для краіны пэрыяд, хоць ніхто яе не папракае. Аднак вяртацца яна плянуе, толькі «калі рэжым падзе». Думае, што калі прыедзе ў Беларусь цяпер, то сядзе ў турму.

«Тут я ня ўбачыла тых, хто б кепска ставіўся да беларусаў. Палякі моцна падтрымліваюць, спачуваюць. Але гэта не мая краіна. Мая краіна — Беларусь. Калі атрымаю эўрапейскую адукацыю, я ўсё роўна прыеду ў Беларусь», — кажа Юлія.

Гісторыя 3. Азотавец

«На „Азот“ вяртацца не хачу»

28-гадовы апэратар самага пратэставага цэху «Аміяк-3» прадпрыемства «Гродна Азот» Арцём Мігель далучыўся да страйку і звольніўся з прадпрыемства.

За ўдзел у мітынгах яго чакаў суд. 10 лістапада, за пару дзён да плянаванага суду, ён зьехаў у Польшчу. Ехаў зь невялікай валізкай рэйсавым аўтобусам. Яго доўга распытвалі на польскай мяжы, чаму ў яго гуманітарная віза, зь якой мэтай ён едзе, што будзе рабіць у Польшчы. Праз два тыдні да яго далучылася жонка — затрымалася, каб зрабіць дакумэнты на двух катоў.

Праз валянтэраў Арцём пазнаёміўся з палякам, які памятае часы «Салідарнасьці». Той прапанаваў Мігелям жыць у сваёй пустой двухпакаёвай кватэры бясплатна, толькі плаціць за камунальныя паслугі.

Цяпер ён дапамагае фонду BySol як валянтэр, знаходзіць інфармацыю пра падзеі і парушэньні на «Гродна Азоце». Ад фонду ён фактычна з нуля бясплатна вучыць польскую мову. Калі падвучыць мову, плянуе шукаць працу. Штомесяц Арцём атрымлівае «ад неабыякавых беларусаў» тую ж суму, якую раней атрымліваў на працы, — каля 600 даляраў.

«Калі жыцьцё паставіць на калені, пайду і прыбіральшчыкам працаваць, і траншэі капаць», — кажа Арцём.

Новага кола знаёмстваў Арцём не заводзіць, падтрымлівае адносіны з горадзенскімі сябрамі і калегамі праз сацыяльныя сеткі. Калі нешта ў краіне памяняецца, плянуе вяртацца. Але на «Азоце» больш працаваць ня хоча, бо расчараваўся ў калегах і начальстве, якія не заступіліся за страйкоўцаў і арыштаваных, больш за тое, занялі месцы звольненых. Калі Мігель звальняўся з прадпрыемства, выказаў начальству, што пра яго думае.

Жонка Арцёма ў Горадні працавала ў дзяржаўнай арганізацыі машыністкай. У Варшаве яна пазнаёмілася з украінцамі, якія маюць свой аўтасэрвіс. Тыя прапанавалі ёй весьці ў іх бухгальтарскі ўлік. Да таго ж яна займаецца прыбіраньнем дамоў.

«Жонка мяне пры пераезьдзе вельмі падтрымала. Яна сказала: „Коцік, усё будзе добра“», — успамінае Арцём.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.