Ганна Эйсмант сьцьвярджае, што яе не было на месцы падзей на плошчы Перамен, як пра тое напісала ініцыятыва BY_Pol.
Журналістка дзяржаўнага тэлеканалу напісала ў інстаграме, што за апошні год сутыкнулася з «патокам хлусьні», але ўсяму, на яе думку, павінна быць мера.
«Сёньня я хачу заявіць — 11 лістапада 2020 году я была ў жывым эфіры „Панарамы“, таму тысяча пацьвярджэньняў, пры жаданьні зможа знайсьці кожны. І не магла фізычна браць удзел ні ў якіх акцыях. Мне гэта даказаць — проста элемэнтарна, але што рабіць іншым людзям, у дачыненьні да якіх таксама нахабна сфальсыфікаваныя зьвесткі? Можна было б пайсьці ў суд. Але каго судзіць? Здраднікаў, якія сядзяць у Польшчы?» — напісала Эйсмант.
Ініцыятыва BY_Pol паведаміла сярод новых падрабязнасьцяў расьсьледаваньня гібелі Рамана Бандарэнкі, што мабільны нумар Ганны Эйсмант зафіксавалі ў 22:43 на вуліцы Шчадрына, акурат каля плошчы Пераменаў. А ў 22:45 быў уваходны званок на яе нумар, на які яна не адказала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYPOL правёў сваю праверку сьмерці Рамана Бандарэнкі. Што яна дала новагаСпартовае выданьне «Трыбуна», чый сайт ужо шмат месяцаў заблякаваны Міністэрствам інфармацыі, супаставіла час падзей 11 лістапада. Праграма «Панарама» на «Беларусь 1» выходзіць у эфір а 21-й гадзіне. Выпуск спартовага блёку навінаў з Ганнай Эйсмант 11 лістапада пачаўся ў 21:55 і доўжыўся 12 хвілін — то бок скончыўся на 36 хвілін раней за момант, калі тэлефон Эйсмант зафіксавалі на плошчы Пераменаў.
На аўтамабілі ад будынку БГТРК да вуліцы Шчадрына — прыкладна 15 хвілін. Таму Ганна Эйсмант цалкам магла прысутнічаць на плошчы Пераменаў у той час, пра які ідзецца ў расьсьледаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пашкадуюць сілавікі аб тым, што яны рабілі з пратэстоўцамі