«Для нас ён назаўжды застанецца 26-гадовым. Міхась загінуў ад стрэлу ў сэрца на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве 22 студзеня 2014 году, на 54-ы дзень Рэвалюцыі Годнасьці. Ня маючы магчымасьці свабодна жыць у Беларусі, ён змагаўся за свае перакананьні на Майдане і навечна застанецца ў памяці братоў-украінцаў», — напісаў Пятро Парашэнка на сваёй старонцы ў Facebook з нагоды дня нараджэньня Міхася Жызьнеўскага.
Пятро Парашэнка згадаў, як сем гадоў таму тысячы ўкраінцаў прыйшлі разьвітацца зь Міхасём Жызьнеўскім, які змагаўся за свабоду Ўкраіны.
«У 2020 годзе суседзі-беларусы сталі на ўласны бурны шлях барацьбы за Свабоду і Годнасьць. Перакананы, Міхась Жызьнеўскі быў бы побач з суайчыньнікамі ў гэтай барацьбе. Таму што ніхто ня мусіць мірыцца з рэпрэсіямі, катаваньнямі і забойствамі мірных грамадзян. Таму што праўда, свабода і права выбару абавязкова перамогуць. Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!» — напісаў экс-прэзыдэнт Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сем гадоў таму ў Кіеве загінуў Міхась Жызьнеўскі. Гісторыя жыцьця, сьмерці і ўганараваньня беларускага Героя ЎкраіныМіхась Жызьнеўскі нарадзіўся 26 студзеня 1988 году ў Гомлі. Ён зьехаў ва Ўкраіну, калі яму было 17 гадоў. Ад першага дня браў удзел у акцыях пратэсту ў Кіеве — уваходзіў у самаабарону, якая ахоўвала Эўрамайдан. Загінуў ад кулі 22 студзеня 2014 году. Пазьней яго прызнаюць Героем Украіны, у 2017-м прэзыдэнт Парашэнка перадасьць Зорку Героя бацькам. Забойца дагэтуль ня знойдзены.
У 2015 годзе была заснаваная ўкраінска-беларуская літаратурная прэмія памяці Міхася Жызьнеўскага «Воін сьвятла». Яе штогод прысуджаюць украінскаму і беларускаму аўтару за стварэньне вобраза героя, які адстойвае свабоду і справядлівасьць.
У 2016 годзе імя Міхася Жызьнеўскага надалі вуліцы, якая дагэтуль насіла імя Германа Цітова, у горадзе Оўручы Жытомірскай вобласьці.
У Кіеве на вуліцы Грушэўскага ёсьць два помнікі беларусу, у тым ліку на месцы ягонай гібелі пасярод праезнай часткі вуліцы Грушэўскага, а таксама памятная дошка на вуліцы Беларускай і іншыя памятныя знакі з партрэтам Міхася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Севярынец стаў ляўрэатам беларуска-ўкраінскай літаратурнай прэміі «Воін сьвятла» імя Жызьнеўскага