Санаторый у Юрмале ня трапіў пад санкцыі, хоць належыць Кіраўніцтву спраў Лукашэнкі

Юрмала

Беларускі санаторый у Латвіі, які належыць Кіраўніцтву спраў Лукашэнкі, ня трапіў пад санкцыі з прычыны юрыдычных нюансаў.

Санаторый «Беларусь» у Юрмале пазьбег санкцыяў Эўразьвязу — адрозна ад аналягічнага санаторыю ў літоўскіх Друскеніках, піша delfi.lt.

Раней банк Swedbank, выконваючы рашэньне Эўразьвязу аб санкцыях, заблякаваў рахункі санаторыю ў Друскеніках. Улады Літвы рабілі захады, каб дапамагчы супрацоўнікам: ім выплацілі аднаразовую дапамогу па звальненьні. А вось санаторый у Юрмале працягвае прымаць пацыентаў. Адзіная ўмова — наяўнасьць адмоўнага тэсту на COVID-19.

Аказалася, што юрмальскі санаторый пазьбег санкцыяў дзякуючы юрыдычным нюансам. У прэс-службе МЗС Латвіі ўдакладнілі, што іх санаторый належыць Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта Беларусі, а літоўскі — Галоўнай гаспадарчай управе Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. У санкцыйным сьпісе толькі апошняя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва дапаможа работнікам санаторыю «Беларусь», рахункі якога арыштавалі праз санкцыі. МЗС Беларусі адрэагаваў

Пры гэтым прадстаўнік Камісіі рынку фінансаў і капіталу Ая Брыкшэ сказала журналістам, што юрмальскі санаторый ужо трапіў у поле зроку камісіі. Але падрабязнасьцяў расьсьледаваньня латыская арганізацыя не паведаміла.

Санкцыі Эўразьвязу супраць канкрэтных асобаў у Беларусі былі ўведзеныя за масавыя фальсыфікацыі на прэзыдэнцкіх выбарах і тэрор супраць мірных пратэстоўцаў. У Брусэлі падкрэсьліваюць, што працуюць над пашырэньнем санкцыяў. Гэта можа пацягнуць за сабой зьяўленьне чацьвёртага пакету санкцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія: у ЭЗ не вядзецца гандаль беларускай электраэнэргіяй
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала ўнесьці ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу судзьдзяў і сілавікоў, якія білі людзей