Чаму ўлады спужаліся калектыўных скаргаў

Менск, адміністрацыя Цэнтральнага раёну

Ідзе працэс паступовай крыміналізацыі любых аўтаномных ад дзяржавы ці не санкцыянаваных дзяржавай дзеяньняў.

Звароты грамадзян (вусныя ці пісьмовыя) у дзяржаўныя ўстановы застаюцца адзіным мэханізмам зваротнай сувязі паміж грамадзянамі і дзяржавай. Больш за тое, дасюль афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыя ўсяляк рэклямавалі гэтую форму адносін як паказьнік дэмакратычнасьці дзяржаўнага ладу Беларусі. Маўляў, права людзей пісаць чалабітныя ў дзяржаўныя ўстановы, чыноўнікам — гэта і ёсьць сапраўдная дэмакратыя. Ва ўстановах нават увялі кнігу скаргаў.

Але цяпер, мяркуючы па ўсім, і гэтая форма «дэмакратыі» згортваецца. Улады плянуюць абмежаваць магчымасьць падачы калектыўных электронных скаргаў. А Лукашэнка нядаўна выказаў прагноз, што інтэрнэт памрэ яшчэ на ягоным вяку.

Таксама плянуецца абмежаваць магчымасьць падачы калектыўных пісьмовых скаргаў. Бо гэта, як напісана ў афіцыйным дакумэнце, «можа прыводзіць да парушэньня нармальнага функцыянаваньня арганізацый». То бок дзяржаўных арганізацый. У перакладзе на зразумелую мову: скаргі грамадзян перашкаджаюць рабоце чыноўнікаў. Пішуць тут розныя, працаваць не даюць.

Такім чынам, любыя не санкцыянаваныя ўладамі калектыўныя дзеяньні — гэта крамола. Усё толькі з дазволу начальства, толькі на ягоны загад. А вось піць супольна гарбату ў двары ці пісаць калектыўную пэтыцыю — гэта амаль злачынства. Ідзе працэс паступовай крыміналізацыі ўсялякіх аўтаномных ад дзяржавы ці не санкцыянаваных дзяржаваю дзеяньняў. Гэта ў некаторым сэнсе вяртаньне ў СССР.

Перасьцярогі ўладаў зразумелыя. Фармаваньне гарызантальных сувязяў, грамадзянскай супольнасьці — гэта пагроза аўтарытарнаму рэжыму. Ён трымаецца на атамізацыі грамадзтва, калі кожны жыве паводле прынцыпу «мая хата з краю». А вось праявы салідарнасьці, гуртаваньня, калектыўных акцый сталі асновай масавых пратэстаў. Таму і робіцца спроба нэўтралізаваць гэткія пагрозы, пазбавіць іх прававой асновы.

Выступаючы ў пракуратуры падчас прызначэньня новага генэральнага пракурора, Лукашэнка сказаў, што бывае не да законаў. Мусіць, цяпер і не да гульні ў дэмакратыю.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.