«Першае, што я мушу сказаць, што наша мэта, мэта Ўкраіны — гэта ў 2023 годзе далучыцца да сыстэмы паставак электраэнэргіі Эўрапейскага Зьвязу. Гэта азначае, што мы мусім „адрэзацца“ ад Беларусі і беларускай і расейскай сыстэм і цалкам інтэгравацца ў ЭЗ. І мы цалкам ідзем гэтым шляхам, і для мяне як міністра замежных спраў гэта фундамэнтальна важна», — сказаў Дзьмітро Кулеба ў эфіры тэлеканалу «Україна 24».
«Другі момант — ці можна гандляваць зь Беларусьсю, калі там сыстэмна парушаюць правы чалавека, то мой адказ — можна. Гэта мая прынцыповая пазыцыя. Украіна заняла вельмі жорсткую пазыцыю пасьля пратэстаў у Беларусі, і мы далучыліся і да санкцый Эўрапейскага Зьвязу, і не прызналі інаўгурацыю Лукашэнкі. Мы зрабілі шэраг крокаў, каб аблегчыць пераезд беларусаў ва Ўкраіну. І я хачу запэўніць, што я буду стаяць на баку беларускага народу».
Дзьмітро Кулеба дадаў, што «ніводная краіна сьвету не ўвяла нейкіх сыстэмных комплексных эканамічных санкцый супраць Беларусі».
«Ёсьць санкцыі супраць кампаній, але гандлёвае эмбарга супраць Беларусі не прымяняецца. Таму мы будзем абараняць, дапамагаць беларускаму народу змагацца за свае правы», — дадаў міністар замежных спраў Украіны.
На ўдакладняльнае пытаньне аб тым, ці ня ўзьнікнуць у сувязі з такой пазыцыяй Украіны праблемы з Польшчай і балтыйскімі краінамі, Дзьмітро Кулеба адказаў:
«Не. У нас неўзабаве адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў Люблінскага трохкутніка, там будзе Польшча, Літва. Я ня бачу, што будуць нейкія праблемныя пытаньні. Для Літвы праблема была ў функцыянаваньні атамнай станцыі на мяжы, і гэтае пытаньне заўсёды ўзьнімалася, каб мы падтрымалі Літву. Але яшчэ раз падкрэсьлю. Наша мэта — далучэньне да эўрапейскай энэргетычнай сыстэмы ў 2023 годзе. Але цяпер мы натуральна зьвязаныя з энэргасыстэмай Расеі і Беларусі».
Сёньня, 25 студзеня, фракцыя экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» патрабавала ад старшыні Вярхоўнай рады Ўкраіны Дзьмітра Разумкова ўключыць у парадак дня новай сэсіі парлямэнту разгляд праекту закону аб забароне паставак электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі.
«Мы вельмі хацелі б пачуць ад прэм’ер-міністра, што мы ня будзем купляць газ у Расеі, што мы ня будзем купляць па карупцыйных схемах электраэнэргію ў Беларусі і Расеі, што мы павялічым субсыдыі і разгледзім законапраекты, якія фракцыя ўнесла на разгляд на гэтым тыдні», — заявіў Пятро Парашэнка, выступаючы 25 студзеня на пасяджэньні Пагаджальнай рады ў парлямэнце.
Украіна са студзеня аднавіла пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі ў вялікіх абʼёмах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да 25% энэргіі зь першага энэргаблёку беларускай АЭС». Колькі энэргіі Ўкраіна купляе ў БеларусіУпершыню на пачатку 2021 году бакі таксама надалі адзін аднаму аварыйную дапамогу — Украіна Беларусі 16 студзеня праз аварыйнае адключэньне блёку БелАЭС, а Беларусь Украіне — 18 студзеня ў сувязі з павелічэньнем энэргаспажываньня, выкліканым моцнымі маразамі і адсутнасьцю запасаў вугалю для вырабу дастатковай колькасьці энэргіі на ўласных вугальных цеплаэлектрастанцыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусі ўпершыню давялося скарыстацца аварыйнай дапамогай Украіны праз адключэньне БелАЭСАднаўленьне паставак электраэнэргіі зь Беларусі выклікала рэзкую крытыку з боку ўкраінскай апазыцыі, якая сьцьвярджае, што гэта выцесьніць з энэргетычнага рынку Ўкраіны вугаль. Такое выцясьненьне прывядзе да закрыцьця шахтаў, а таксама да скарачэньня вытворчасьці энэргіі на ўкраінскіх АЭС, каляпсу энэргетычнай сыстэмы. І, як вынік, Украіна ня зможа выканаць свае абавязаньні што да сынхранізацыі з эўрапейскай энэргетычнай сыстэмай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна аднавіла пастаўкі беларускай энэргіі. Дэпутаты парлямэнту супраць