«Мяне выклікалі ў кватэру маці і выдалі пастанову яшчэ ад 28 сьнежня 2020 году аб накладаньні арышту на яе маёмасьць. Аднак у ходзе агляду каштоўных прадметаў і рэчаў у кватэры ня выявілі. Нічога не арыштавалі, і на адказнае захоўваньне нічога не перадавалася, напісана ў пратаколе вопісу арыштаванай маёмасьці», — адзначыла Аляксандра.
Сёньня адвакат наведаў Юлію Слуцкую ў СІЗА. Слуцкая расказала, што ў яе камэру перавялі грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ, якую асудзілі на 2,5 года калёніі за супраціў міліцыянту. Паводле Юліі Слуцкай, у камэры «па некалькі разоў на дзень праводзяць „шмоны“, выганяюць усіх у карцар, усё абшукваюць, вытрасаюць, пераварочваюць».
Як расказала Аляксандра Слуцкая, яе маці фактычна не атрымлівае лістоў — ад яе прыйшла толькі адна тэлеграма. Затое на днях Аляксандра атрымала адразу некалькі лістоў ад маці. Яна піша, што робіць у камэры фізычныя практыкаваньні, чытае, займаецца ангельскай мовай і піша лісты. У камэры з раніцы да вечара ўключаны тэлевізар, у асноўным БТ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Размахвалі пісталетам, паставілі на калені, ударылі па галаве». Супрацоўнік «Прэс-клюбу» пра сваё затрыманьне- 22 сьнежня 2020 году ў офісе «Прэс-клюбу» і дома ў шэрагу яго супрацоўнікаў прайшлі ператрусы. Пасьля гэтага затрымалі 6 чалавек: Юлію Слуцкую, праграмнага дырэктара Алу Шарко, дырэктара Сяргея Альшэўскага, праграмнага дырэктара Акадэміі «Прэс-клюбу» Сяргея Якупава, апэратара Пятра Слуцкага (сына Юліі Слуцкай), а таксама Ксенію Луцкіну — былую супрацоўніцу Белтэлерадыёкампаніі, зьвязаную з праектам «альтэрнатыўнага тэлебачаньня» на YouTube, дачыненьне да якога мела Акадэмія «Прэс-клюбу».
- Юлію Слуцкую падазраюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, астатніх — у саўдзеле. 31 сьнежня Слуцкай, Альшэўскаму, Слуцкаму і Луцкіну прад’явілі абвінавачаньні, Якупава дэпартавалі ў Расею без прадʼяўленьня абвінавачаньня.
- На пачатку студзеня сваякі арыштаваных пералічылі на рахунак Сьледчага камітэту амаль 110 тысяч рублёў як забесьпячэньне кампэнсацыі магчымай шкоды.
- Беларускія праваабаронцы прызналі затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» палітвязьнямі.