Грамадзяніна Беларусі, юрыста Фонду Навальнага затрымалі на выхадзе з спэцпрыёмніка, дзе ён адбываў арышт

Сёньня юрыст Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Уладлен Лось не выйшаў са спэцпрыёмніку «Бірулёва-Заходняе» пасьля адбыцьця трох сутак адміністрацыйнага арышту

Замест гэтага з аддзелу выехаў паліцэйскі аўтобус, распавёў Белсату кіраўнік юрыдычнага аддзелу ФБК Вячаслаў Гімадзі.

Дзе зараз знаходзіцца Лось, невядома. Сувязі з ім няма. Раней юрыста абавязалі пакінуць Расею да 25 студзеня.

«Гэты грамадзянін быў адпушчаны сёньня ў 14:00, — сказаў Белсату дзяжурны спэцпрыёмніку. — Куды ён далей ідзе, я вам не магу адказаць. Не да мяне пытаньне, я не ў курсе».

Уладлен Лось — грамадзянін Беларусі. Аднак сілком выправадзіць яго Расеі не маюць права, растлумачыў Вячаслаў Гімадзі. Дэпартацыя можа адбыцца толькі па рашэньні суду, а ў яго няма такога рашэньня, удакладніў юрыст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі завялі крымінальную справу за заклікі выйсьці ў падтрымку Навальнага

Уладлена Лася затрымалі 21 студзеня ў гатэлі, паколькі за яго кватэрай сачылі сілавікі напярэдадні акцыяў пратэсту 23 студзеня за вызваленьне Аляксея Навальнага.

Ад яго запатрабавалі за 25 студзеня пакінуць Расею і забаранілі ўезд да 27 лістапада 2023 года.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуса з фонду Навальнага затрымалі ў Маскве і абавязалі пакінуць Расею да 25 студзеня

22 студзеня Сіманаўскі суд арыштаваў юрыста на трое сутак. Уладлена Лася палічылі вінаватым у нібыта непадпарадкаваньні паліцэйскаму.