Прадстаўнік швэдзкай Умеранай кааліцыйнай партыі (Moderata samlingspartiet) Густаў Гётбэрг выказаўся ў сваім твітэры ў падтрымку палітзьняволенага Ігара Лосіка, які ўжо 41 дзень трымае галадоўку.
«Ігар асьвятляе камэру, у якой знаходзіцца, і цяпер ён памірае ад галадаваньня ў беларускай турме. Жонка Дар’я і маленькая дачка ня бачылі яго ўжо шмат месяцаў. Ягоная віна заключаецца ў вядзеньні блогу, што выступае супраць злачынстваў, за якія адказны Лукашэнка. Швэцыя павінна дзейнічаць супраць такога. Гэта тэрмінова».
Дэпутат Эўрапарлямэнту, які займаецца праблематыкай Беларусі, краінаў Балтыі, Расеі, у жніўні наведваў Менск, дзе назіраў за прэзыдэнцкімі выбарамі. Яго затрымалі нібыта за перашкоду працы выбарчай камісіі і пратрымалі сем гадзін у пастарунку. Пасьля гэтага Гётбэрга аштрафавалі.
Галадоўку на знак пратэсту Ігар Лосік абвясьціў 15 сьнежня, калі яму прад’явілі новыя абвінавачаньні — у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Раней Лосіка абвінавачвалі ў арганізацыі альбо падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіцячыя малюнкі, ланцуг салідарнасьці і марш — чарговыя акцыі салідарнасьці зь Ігарам Лосікам, які галадае 41 дзень ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швэцыя падтрымлівае пашырэньне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі