Намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі сучаснага пяціборства Аляксандар Ігнацьеў расчараваны пераносам чэмпіянату сьвету зь Беларусі, яго цытуе «Трыбуна».
«Гэта істотная шкода. Мы прыклалі нямала сілаў на стадыі падрыхтоўкі да чэмпіянату сьвету. Яго адмена — нечаканы ўдар для нас».
Чэмпіянат сьвету па пяціборстве і лазэрным бегу з 7 па 13 чэрвеня меў прыняць Менск, але 22 студзеня яго афіцыйна перанесьлі ў іншую краіну з прычыны нестабільнай сытуацыі ў Беларусі. Плянавалася, што спаборніцтвы стануць кваліфікацыйнымі на Алімпійскія гульні ў Токіё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэмпіянат сьвету ў сучасным пяціборстве перанесены зь Менску з прычыны «нестабільнасьці» ў БеларусіПа словах Ігнацьева, пытаньні кампэнсацыі Менску за пазбаўленьне права прымаць чэмпіянат сьвету яшчэ абмяркоўваюцца. А сама нацыянальная фэдэрацыя вызначае сваю пазыцыю адносна такога рашэньня.
Раней зь Менску перанесьлі чэмпіянат сьвету па хакеі. Беларускі фонд спартовай салідарнасьці змагаецца за перанос з краіны этапу Кубка сьвету па фрыстайле і некаторых іншых прадстаўнічых міжнародных турніраў. На думку Фонду, у Беларусі недарэчна праводзіць спаборніцтвы, пакуль у дзяржаве каля 200 палітвязьняў, а крымінальныя справы супраць сілавікоў, вінаватых у зьбіваньні людзей, катаваньнях і забойствах, не заводзяцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як «забіралі клюшку ў дыктатара». Актывісткі дыяспары — як скасоўвалі чэмпіянат у Менску