Увесну 2018 году ў Нікарагуа пачаліся экалягічныя пратэсты, якія перарасьлі ў палітычныя з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта. Загінулі сама менш 317 чалавек. Больш за 500 чалавек трапілі ў турмы, тысячы цяпер у вымушанай эміграцыі. Пра падабенства Беларусі і Нікарагуа Свабодзе расказала беларуска Аксана, якая апошнія 30 год жыве ў гэтай цэнтральнаамэрыканскай краіне.
Аксана нарадзілася ў Беларусі, але ўсё сьвядомае жыцьцё жыве ў Манагуа — сталіцы Нікарагуа. Яна ўважліва сачыла за падзеямі ў Нікарагуа і Беларусі і падзялілася сваім бачаньнем пратэстаў «там» і «тут».
Паралелі паміж Нікарагуа і Беларусьсю. Сьцісла
- «У вас і ў нас — „сінія пальцы“, якія больш за 20 гадоў трымаюцца за ўладу і многім надакучылі»
- «Хоць Нікарагуа за акіянам — але ўсё гэта ўнівэрсальна: дыктатуры, пратэсты і спробы перамен»
- «Калі пратэст робіцца нямірным, ён губляе сваю сутнасьць»
- «У Нікарагуа перасьледавалі за дзяржаўны сьцяг і адзеньне ў «палітычных колерах»
- «Найбольш улады помсьцяць тым, хто раней быў на іх баку і „пераабуўся“»
- «Рыторыка ўладаў у вас і ў нас аднолькавая: пратэстоўцы — найміты капіталістычных краін, маргінальныя колы, здраднікі народу, „адкіды грамадзтва“»
- «Па начох у вас швэндаюцца па дварах прыхільнікі ўлады, каб зразаць стужкі, у нас — партыйцы, каб цікаваць за людзьмі і „здаваць“ іх»
- «У вас — АМАП, у нас — „Policías antimotines“ (паліцыя па барацьбе зь беспарадкамі). І тыя, і тыя ходзяць у чорным і жорстка абыходзяцца зь людзьмі»
- «Цяпер, пасьля расстрэлаў, людзі надта ня любяць паліцыю. Тыя стараюцца не злаваць народ»
«Любімую не аддаюць!» і замежная нафта на падтрымку стабільнасьці
Даніэль Артэга першы раз прыйшоў да ўлады ў Нікарагуа, скінуўшы дыктатуру Самосы. Ён быў прэзыдэнтам з 1984 па 1990 год. Потым — шэраг параз на выбарах і чарговая перамога ў 2006 годзе. У 2009 годзе заканадаўства было зьменена, што дазволіла яму зноў выбірацца на пост кіраўніка дзяржавы.
«Скажу так. Калі Артэга і сьвіта зноў прышлі да ўлады ў 2006 годзе, то яны адкрытым тэкстам сказалі, што больш уладу не аддадуць. Ну, як „Любімую не аддаюць“ у вас. І тыя маладыя-гарачыя рэвалюцыянэры, якія змагаліся да 1979 году супраць дыктатара Самосы — зь цягам часу сталі такія ж, як і Самоса», — кажа Аксана.
Нікарагуа збольшага мае аграрную эканоміку. Дэманстраваць стабільнасьць і «ўстойлівае разьвіцьцё», «адшчыпваць» зь бюджэту на сацыяльную сфэру ўладам дапамагала танная нафта з Вэнэсуэлы.
«Закуплялі яе за капейкі, народу прадавалі даражэй. Трохі сабе мелі, а на астатняе будавалі дамы, шпіталі, дарогу. Нешта трапляла і да людзей», — кажа суразмоўца.
Яна кажа, што «ня ўсё благое зьвязана з Артэгам». Напрыклад, у людзей ёсьць доступ да адукацыі.
«Але дзецям у школе прамываюць мазгі, вобразна кажучы. Што без Артэгі нічога ня будзе, і гэта ён усяго дасягнуў і зрабіў для людзей», — кажа Аксана.
«У нас свае „ябацькі“, „цітушкі“ і прапаганда»
Аксана кажа, што «цітушкі» — атрады ўзброеных маргінальных асобаў, якія зьявіліся ва Ўкраіне ў час Рэвалюцыі годнасьці — не ўкраінскае ноў-хаў.
«Пратэсты-2018 ня ўзьніклі на пустым месцы. І ў 2008 годзе людзі выходзілі пратэставаць, і пазьней. Праўда, не ў такіх маштабах. У нас шмат жабракоў. Іх улады наймалі за „міску супу“ і, можа, давалі трохі грошай, каб яны разганялі пратэстоўцаў „ад імя народу“. Я сама неяк удзельнічала ў маніфэстацыі, і на нас напалі гэтыя ўзброеныя „цітушкі“. Удзельнічалі яны і ў пратэстах-2018 — як прадстаўнікі „сапраўднага народу“, які супраць пратэстоўцаў. Многім маладым беспрацоўным і беднякам далі чорную форму, харчаваньне і дах над галавой. Так іх арганізавалі ў „Policías antimotines“. Яны і зьнешне падобныя да беларускага АМАПу. І мэты ў іх аднолькавыя — разганяць людзей», — апавядае Аксана.
Калі па ўсёй сталіцы Манагуа і ў буйных гарадах адбываліся шматтысячныя дэманстрацыі, улада зладзіла свой «Антымайдан».
«На кожным прадпрыемстве, у арганізацыі ёсьць сандыністы (сябры праўладнага Сандынісцкага фронту нацыянальнага вызваленьня. — РС). Ну, як раней у Савецкім Саюзе былі парткомы. Іх прымушалі выходзіць са сьцягамі і плякатамі. Ня пойдзеш — страціш працу. Яны стаялі там, крычалі, што „Todos juntos!“ (Мы разам!), „Мы не адступім!“, „Артэга, мы з табой!“ ці „Няхай жыве Артэга!“ — карацей, за мір і стабільнасьць», — кажа Аксана.
Беларуска ў Нікарагуа расказвае, што ў час пратэстаў мясцовыя прыхільнікі кіроўнага рэжыму выконвалі функцыі шпегаў. Яны на загад кіраўніцтва езьдзілі начамі па дварах і кварталах, каб адсочваць актыўнасьць людзей. Напрыклад, калі недзе людзі зьбіраюцца ці будуюць барыкады, шпегі паведамляюць пра гэта ў паліцыю.
За прапаганду адказваюць дзеці Артэгі — яны валодаюць некаторымі тэлевізійнымі каналамі.
«Іх твары ўсюды былі, на білбордах, стаяць, ручкамі махаюць... Расарыя Маўрыльё (жонка прэзыдэнта і сама віцэ-прэзыдэнт. — РС) заставіла горад сваімі эзатэрычнымі знакамі. То паставіць нібыта ялінку трохвугольную, на яе — квадрат, і яшчэ лёзунг прычэпіць: „Мы разам!“. То скульптуру паставіла — руку з вокам, то разьмясьціла па ўсім горадзе „Дрэвы жыцьця“, на падсьвятленьне якіх ішла процьма грошай. У час пратэстаў людзі павалілі ўсе тыя дрэвы», — кажа Аксана.
«Касьцёл заняў бок пратэстоўцаў і заклікаў да дыялёгу»
Каталіцкі касьцёл у Нікарагуа адпачатку быў на баку пратэстоўцаў. Людзі хаваліся ад сілавікоў у храмах. Біскупы і сьвятары выпускалі звароты да народу і ўладаў, пісалі акружныя пасланьні.
«Сьвятароў пачалі дыскрэдытаваць, па адным. То той падкуплены, то той нешта злачыннае рабіў. Неяк, мусіць, улады падбухторылі натоўп. Тыя ўварваліся ў храм і ўчынілі там пагром. Сам Даніэль Артэга і Расарыя бралі касьцельны шлюб і раней нібыта „сябравалі“ з католікамі. Але пасьля пратэстаў і такой пазыцыі касьцёла яны „пераабуліся“ і пачалі „сябраваць“ з пратэстантамі — будаваць ім храмы і ўсялякае такое», — кажа суразмоўца.
Улады трактавалі пратэстоўцаў як «адкіды грамадзтва» і «купленых» ЗША
У адной з публікацый журналіст «СБ — Беларусь Сегодня» Андрэй Мукавозчык назваў «камэнтатараў у інтэрнэце» так: «Гэта наша беларускае „сьмецьце“. Чалавечае сьмецьце».
«Брудам і сьмецьцем» называла жыхароў Нікарагуа, якія выходзілі на пратэсты, віцэ-прэзыдэнт дзяржавы Расарыя Маўрыльё. «Яна казала: „Esta basura“ — гэта бруд, гэта адкіды грамадзтва. Яна называла іх таксычнымі малымі групамі, якія хочуць разваліць краіну. Расарыя абвінавачвала пратэстоўцаў у спробах „дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне“. Прэзыдэнт называў пратэсты „спробай дзяржаўнага перавароту“ з боку груп, якія фінансаваліся Злучанымі Штатамі», — тлумачыць Аксана.
«Партрэты загінулых зрывалі са сьцен, крыжы прыбіралі»
Пасьля таго як ад куль у час пратэстаў загінулі студэнты, людзі пачалі шанаваць іх памяць. Яны разьвешвалі партрэты загінулых у горадзе, на сьценах, ставілі крыжы на месцы іх гібелі.
«Улады ці іх памагатыя зрывалі партрэты, прыбіралі крыжы і памятныя знакі. Рабілі ўсе, каб не шанаваць памяць ахвяраў, каб, як у вас казалі: „Давайце перагорнем гэтую старонку“ і будзем жыць, як быццам нічога не было. Самы жах быў, калі жанчыны выйшлі на марш у Дзень Маці.... Маці, як і Багародзіца — вельмі шануецца ў Нікарагуа. І вось жанчын у гэты дзень пачалі разганяць і страляць! На дахі залазілі снайпэры зь вінтоўкамі Драгунова — мы ня ведалі, што адбываецца. Гэта ўжо была не палітыка, а барацьба дабра і зла», — лічыць беларуска ў Нікарагуа.
«Правяралі тэлефоны, галерэі, прасілі суседзяў даносіць на пратэстоўцаў»
Пасьля пратэстаў пачаўся перасьлед іх удзельнікаў.
«Сачылі за самымі актыўнымі. І ня толькі. Спынялі аўтамабілі. Патрабавалі паказаць тэлефоны — што ў чалавека ў галерэі, якія здымкі, што ў яго за перапіска, куды ён езьдзіў. Гэта было ў межах абвешчанай Расарыяй апэрацыі „Чыстка“. Яна заклікала знайсьці ва ўсіх кварталах „нядобранадзейных“ людзей, пакараць іх. Сваю ролю выконвалі ў гэтым і партыйцы, якія сачылі за людзьмі па начох, і просьбы паліцыі даносіць на суседзяў. Яны нават мецілі дамы, дзе жылі „нядобранадзейныя“. Людзям тэлефанавалі. Пагражалі забіць. Да 10 тысяч чалавек вымушаныя былі зьехаць у Коста-Рыку, Панаму, ЗША ці Гішпанію», — кажа жыхарка Нікарагуа.
Як пратэст зрабіўся «не такі мірны» і да чаго гэта прывяло
Аксана ўпэўнівае, што народ Нікарагуа настойліва і пасьлядоўна пратэставаў мірна. Але розныя сілы хацелі скарыстацца пратэстамі ў сваіх інтарэсах.
«Тым жа студэнтам пачалі падсоўваць зброю. Маўляў, мірна вы нічога не даможацеся. Некаторыя паддаваліся і бралі. Былі і правакатары, і людзі са сваімі інтарэсамі. Але калі пратэст скочваецца ў нямірны — уладзе разьвязваюць рукі, і яна мае больш шанцаў на расправу. У дні мірных маршаў людзі так радаваліся еднасьці, мелі ўзьнёслы настрой. А потым іх пацягнулі на барыкады, на ўзбраеньне. Але што маглі зрабіць людзі, хай і з абрэзамі, супраць Калашнікава ці Драгунова?» — кажа Аксана.
Калі ўлады ўбачылі, які размах займеў пратэст — яны перайшлі да рэпрэсій. Пацярпелі і журналісты, якія без цэнзуры асьвятлялі падзеі. Тэлеканалы закрывалі, а журналістаў арыштоўвалі.
«Найбольш жорстка абыходзіліся з тымі, хто „пераабуўся“. Аднаго журналіста-сандыніста, які перайшоў на бок пратэстоўцаў, злавілі і пасадзілі ў глыбокую студню, мэтар на мэтар», — кажа суразмоўніца.
«Сьцяг наш вольны, сьцяг наш сьмелы»
Да пратэстаў жыхары Нікарагуа не сакралізавалі дзяржаўны сьцяг. Ён зьяўляўся на вуліцах на дзяржаўныя сьвяты. Калі пачаліся пратэсты — людзі «ўзброіліся» сьцягам бела-сіняга колеру.
За сьцяг улады іх перасьледавалі, нягледзячы на тое, што сьцяг — дзяржаўны. Прынамсі аднаго чалавека забілі толькі за тое, што меў у сваім аўтамабілі бела-сіні сьцяг.
«Людзей маглі затрымаць нават за адпаведныя колеры ў адзеньні. Напрыклад — белая футболка, сінія джынсы — і ты арыштаваны. Чорна-чырвоныя колеры — сьцягу сандыністаў, наадварот, віталіся. І мясцовыя „ябацькі“ выходзілі менавіта з чырвона-чорнымі сьцягамі. Але ўлада круцілася, як вуж на патэльні. Таму хутка яны прысабечылі і бела-сінія сьцягі. Маўляў — мы таксама патрыёты», — патлумачыла Аксана.
«Пратэст — усё?»
«Я не магу сказаць, што гэта перамога ўлады. Іх улада пахіснулася, прычым моцна. На саступкі пайшлі, палітычных — праўда, ня ўсіх — вызвалілі. Хоць цяпер па тэлевізіі і заклікаюць — „Давайце перагорнем старонку“, але гэта немагчыма. Так, як раней, пэўна ня будзе. Наўрад ці на гэтых выбарах Даніэль Артэга ці ягоная жонка Расарыя застануцца пры ўладзе. Дапускаю, што людзі могуць выбраць зноў сандыністаў, але ня іх», — мяркуе суразмоўца.
Яна кажа, што наўрад ці людзі так проста прабачаць расстрэлы мірных пратэстоўцаў.
«Нічога ў жыцьці не праходзіць бязь сьледу. І ў вас, я ўпэўнена, ня будзе ўжо так, як раней. Можа, гэта будзе крыўдна гучаць... Але мы часта робімся разьменнай манэтай у гульнях больш магутных дзяржаў... Беларусы, я думаю, працягнуць змаганьне і не супакояцца. Я думаю, каб у вас быў іншы клімат, то вы перамаглі б неўзабаве. Але гэтая халодная зіма, канечне, перашкодзіла. Ну, і радыкалізацыя не прывядзе ні да чога добрага, апроч ахвяр», — дадала жыхарка Нікарагуа Аксана.
Кароткі слоўнічак
- Нікарагуа — дзяржава ў Цэнтральнай Амэрыцы. Адна з найбяднейшых. Большасьць насельніцтва жыве менш як на два даляры ў дзень. Эканоміка ў асноўным аграрная.
- Даніэль Артэга — 75-гадовы прэзыдэнт Нікарагуа. Адзін зь лідэраў Сандынісцкай рэвалюцыі 1979 году. Быў прэзыдэнтам краіны з 1984 па 1990 год. Зноў вярнуўся да ўлады ў 2006-м. У 2009-м было зьменена заканадаўства, што дазволіла яму зноў і зноў станавіцца прэзыдэнтам — у 2011 і 2016 годзе. Наступныя выбары прэзыдэнта пройдуць у Нікарагуа сёлета.
- Расарыя Маўрыльё — жонка прэзыдэнта, сама віцэ-прэзыдэнт. Аказвае вялікі ўплыў як на Даніэля Артэгу, так і на палітыку ў краіне.
- Пратэсты ў Нікарагуа пачаліся ў 2018 годзе. Спачатку яны былі «экалягічнымі». Людзі выступалі супраць бязьдзеяньня ўладаў у праблеме лясных пажараў. Потым — «сацыяльнымі», супраць рэформы ў сфэры сацыяльнага забесьпячэньня. Пасьля жорсткіх рэпрэсій і забойстваў пратэстоўцаў пратэсты сталі палітычнымі. Людзі патрабавалі адстаўкі прэзыдэнта Даніэля Артэгі.
- Чым скончыліся пратэсты? Ад 300 да 500 чалавек, па розных ацэнках, загінулі. Сотні атрымалі раненьні і трапілі ў турмы. Тысячы былі вымушаныя падацца ў эміграцыю ў Панаму, Коста-Рыку, ЗША і Гішпанію. Улады пайшлі на некаторыя саступкі па адмене рэформаў. У краіне прайшоў «нацыянальны дыялёг». Некалькі соцень палітычных вязьняў выпусьцілі з турмаў.