Адпаведнае рашэньне прыняў Эўрапейскі суд правоў чалавека (ЭСПЧ).
Суд у Страсбуры, у прыватнасьці, прызнаў адказнасьць Расеі за катаваньні грузінскіх палонных, за парушэньне правоў на свабоду і бясьпеку цывільных асобаў і за адмову ад расьсьледаваньня забойстваў грамадзян Грузіі падчас вайны.
І Масква, і Тбілісі заявілі пра сваю перамогу.
Грузінскае Міністэрства юстыцыі назвала рашэньне ЭСПЧ гістарычным. Ведамства сьцьвярджае, што вэрдыкт суду стане важным рычагом для ўрэгуляваньня канфліктаў і аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласьці Грузіі.
Тбілісі спрабаваў даказаць, што эўрапейская канвэнцыя ў справе абароны правоў чалавека ўжываецца ня толькі ў мірны час, але і падчас баявых дзеяньняў. Гэта супярэчыць асновам міжнароднага гуманітарнага права, падкрэсьліў упаўнаважаны Расеі пры ЭСПЧ Міхаіл Гальперын.
У ноч з 7 на 8 жніўня 2008 году расейскія войскі ўвайшлі ўглыб Грузіі пасьля таго, як у сэпаратысцкім рэгіёне Паўднёвая Асэтыя распачаліся баі. Ваенныя дзеяньні працягваліся пяць дзён. У выніку Тбілісі і Масква разарвалі дыпляматычныя адносіны.
Неўзабаве пасьля заканчэньня ваенных дзеяньняў Грузія падала пазоў у ЭСПЧ. У ім, у прыватнасьці, сьцьвярджалася, што расейскія вайскоўцы і кантраляваныя імі сэпаратысцкія сілы ўчынялі непрапарцыйныя напады на цывільных асобаў і іх маёмасьць у розных частках краіны, уключаючы Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Расея адкідае гэтыя абвінавачаньні.
Пасьля вайны Масква прызнала Паўднёвую Асэтыю і Абхазію незалежнымі дзяржавамі, але амаль усе краіны сьвету, у тым ліку і бліжэйшыя вайскова-палітычныя саюзьнікі Расеі, прызнаюць гэтыя дзьве тэрыторыі часткамі Грузіі.