У судзе Мастоўскага раёну Горадзенскай вобласьці 20 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Віктара Царыкевіча. Яго вінавацяць па ч. 1 і 2 арт. 339 (хуліганства і злоснае хуліганства) і арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Справу разглядае судзьдзя Віталь Сініла, які не дапусьціў сваякоў і сяброў Віктара, а таксама праваабаронцу «Вясны» Аляксандра Вайцешыка ў залю суду нібыта на падставе каранавірусных абмежаваньняў.
У Вярхоўным судзе, куды патэлефанавалі абураныя людзі, сказалі, што іх не пусьцілі ў будынак, бо яны нібыта «прыйшлі ў балаклавах, бяз масак і пальчатак». На гэта праваабаронца напісаў скаргу ў кнігу заўваг і прапаноў.
З чаго складаецца абвінавачаньне?
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны ў жніўні 2020 году разьмясьціў у адным з тэлеграм-чатаў «непрыстойны, зьневажальны для гонару і годнасьці камэнтар» пад фатаграфіяй старшыні Мастоўскага райвыканкаму Юрыя Валяватага. А ў верасьні-кастрычніку Царыкевіч нібыта правёў цэлую сэрыю акцый, якія, на думку пракуратуры, «адзначаліся выключным цынізмам»:
- нанёс бел-чырвона-белыя лініі на дарозе паблізу вёсак Савінка, Запольле і аграгарадку Дубна Мастоўскага раёну;
- павесіў пудзілы ў міліцэйскай форме і зрабіў надпісы пад навесамі прыпынкаў «Мікелеўшчына», «Дубна» і «Чарлёна»;
- у лесе паміж горадам Масты і аграгарадком Масты Правыя намаляваў на 33 дрэвах бел-чырвона-белыя сьцягі, у полі расставіў таблічкі ў выглядзе рытуальных надмагільляў «з надпісамі, якія дэманструюць грэбаваньне дзяржаўным парадкам кіраваньня», а побач паставіў труну з пудзілам у міліцэйскай форме.
Царыкевічу пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акрэсьціна ня мае патрэбы ў параўнаньні. Развагі нямецкага гісторыка пра тэрміналёгію і мінулае ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атрымалі фізычны боль і пакуты». У Горадні пачаўся суд за гвалт над міліцыянтамі