Адпраўныя пункты
Сказаўшы ў прысутнасьці журналістаў у Авальным кабінэце Белага дома, што «нельга марнаваць часу», Джо Байдэн адзначыў:
«Некаторыя выканаўчыя дакумэнты, якія я падпішу сёньня, дапамогуць зьмяніць ход каранавіруснага крызісу; мы будзем змагацца са зьмяненьнем клімату так, як да гэтага часу яшчэ не рабілі; прасоўваць расавую справядлівасьць і падтрымліваць іншыя малазабясьпечаныя супольнасьці. Гэта толькі адпраўныя пункты».
ЗША вяртаюцца ў СГА і САЗ
Джо Байдэн адмяніў некалькі рашэньняў свайго папярэдніка Дональда Трампа, у прыватнасьці:
- падпісаў указ пра далучэньне ЗША да Парыскага пагадненьня аб клімаце;
- скасаваў рашэньне пра выхад з Сусьветнай гандлёвай арганізацыі;
- адмяніў выхад з Сусьветнай арганізацыі здароўя;
- зьняў забарону на ўезд у ЗША з шасьці краін зь пераважна мусульманскім насельніцтвам;
- спыніў будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай.
«У наступныя дні і тыдні мы будзем абвяшчаць пра дадатковыя дзеяньні выканаўчай улады, каб супрацьстаяць выклікам і выканаць абяцаньні прэзыдэнта, дадзеныя амэрыканскаму народу», — сказала прэс-сакратарка Белага дома Джэніфэр Псакі.
І Сэнат цяпер за Байдэна
20 студзеня прысягу ў Сэнаце склалі нававыбраныя сэнатары ад Дэмакратычнай партыі Джон Осаф і Рафаэль Ўорнак. Такім чынам, на сёньняшні дзень рэспубліканцы і дэмакраты маюць па 50 месцаў у Сэнаце, але перавага ў галасаваньні застаецца за Дэмакратычнай партыяй, паколькі віцэ-прэзыдэнт Камала Гарыс у якасьці старшыні гэтай палаты Кангрэсу мае вырашальны голас.
Абноўлены склад Сэнату 20 студзеня зацьвердзіў першага намінанта Байдэна на высокую пасаду ў адміністрацыі: Аўрыл Гэйнз стала дырэктаркай Нацыянальнай выведкі ЗША.
У Палаце прадстаўнікоў дэмакраты маюць перавагу над рэспубліканцамі: 221 супраць 211.
Першая размова — з прэм’ерам Канады
Байдэн мае намер у першую чаргу патэлефанаваць лідэрам краін-саюзьніц. Першыя тэлефонныя перамовы пройдуць з прэм’ер-міністрам Канады Джастынам Трудо.
Прэс-сакратарка Белага дому Джэніфэр Псакі паведаміла, што ёй пакуль нічога не вядома аб плянах размовы Байдэна з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Рэакцыі лідэраў на інаўгурацыю Байдэна
Урсуля фон дэр Ляен, прэзыдэнтка Эўракамісіі:
«Злучаныя Штаты вярнуліся. І Эўропа гатовая. Каб аднавіць сувязь са старым і надзейным партнэрам, удыхнуць новае жыцьцё ў наш запаветны саюз. Я зь нецярпеньнем чакаю сумеснай працы з @JoeBiden».
Борыс Джонсан, прэм’ер Вялікай Брытаніі:
«Я зь нецярпеньнем чакаю супрацоўніцтва (з Байдэнам. — РС) і яго новай адміністрацыяй, умацаваньня партнэрскіх адносін паміж нашымі краінамі і працы над нашымі агульнымі прыярытэтамі: барацьбой са зьмяненьнем клімату, аднаўленьнем пасьля пандэміі і ўмацаваньнем нашай трансатлянтычнай бясьпекі».
Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Францыі:
«З найлепшымі пажаданьнямі ў гэты самы значны дзень для амэрыканскага народу! Мы разам. Мы будзем мацней супрацьстаяць выклікам нашага часу. Мацней будаваць сваю будучыню. Мацней абараніць нашу плянэту».
Франк-Вальтэр Штайнмаер, прэзыдэнт Нямеччыны:
«Сёньня добры дзень для дэмакратыі. У Злучаных Штатах Амэрыкі яна сутыкнулася зь велізарнымі праблемамі — і вытрымала».
Папа Рымскі Францішак:
«Няхай пад вашым кіраўніцтвам амэрыканскі народ працягвае чэрпаць сілу з высокіх палітычных, этычных і рэлігійных каштоўнасьцяў, якія натхнялі нацыю з самага яе заснаваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн і Камала Гарыс афіцыйна ўступілі на пасаду прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта ЗША. ФОТА, ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што новая адміністрацыя ЗША думае пра Беларусь