Беларускага дыплямата запрасілі на інаўгурацыю Байдэна. Офіс Ціханоўскай: Гэта жэст ветлівасьці

Капітолій

Афіцыйны прадстаўнік цяперашняй улады ў Беларусі возьме ўдзел у цырымоніі інаўгурацыі прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна. Ім будзе часовы павераны Дзьмітры Басік.

У беларускім Міністэрстве замежных спраў пацьвердзілі, што прынялі запрашэньне афіцыйнага Вашынгтону, піша Tut.by. Інаўгурацыя 46-га прэзыдэнта Злучаных Штатаў пройдзе апоўдні па мясцовым часе, калі ў Беларусі будзе 20 гадзін. На інаўгурацыю Байдэна чакаюць экс-гаспадароў Белага дому Барака Абаму, Джорджа Буша-малодшага і Біла Клінтана.

У 2020 годзе паслом ЗША ў Беларусі зацьвердзілі Джулі Фішэр, а паслом Беларусі ў ЗША прызначылі намесьніка міністра замежных спраў Алега Краўчанку. Але абмен амбасадарамі так і не адбыўся. У канцы сьнежня Краўчанка раптоўна памёр, таму Беларусь пакуль прадстаўляе часовы павераны Дзьмітры Басік, які і прыедзе ў Белы дом на цырымонію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр амбасадар Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка. У яго быў каранавірус

Рэакцыя штабу Ціханоўскай

Прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных справах Валер Кавалеўскі заявіў, што ня бачыць у запрашэньні Басіка на цырымонію сыгналам таго, што ў Злучаных Штатах прызнаюць рэжым Лукашэнкі легітымным.

«Запрашэньне кіраўнікоў пасольстваў на цырымонію інаўгурацыю прэзыдэнта — звычайная практыка ў ЗША і служыць жэстам ветлівасьці. Лідэраў замежных дзяржаў, як правіла, не запрашаюць. Прысутнасьць часовага паверанага Беларусі на цырымоніі ні ў якім разе не зьяўляецца сыгналам зьменаў у амэрыканскай палітыцы ў дачыненьні рэжыму Лукашэнкі. Наадварот, варта чакаць, што палітыка адміністрацыі Байдэна будзе больш дзейснай і эфэктыўнай»

Раней Джо Байдэн заяўляў аб падтрымцы беларускага пратэсту супраць фальсыфікацый на выбарах 9 жніўня. Лукашэнку ў штабе Байдэна ніхто прэзыдэнтам Беларусі ня лічыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн прыехаў у Вашынгтон для ўступленьня на пасаду прэзыдэнта ЗША
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ЗША пра імпічмэнт Трампа: за і супраць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго хоча дамагчыся Байдэн у першыя 100 дзён у Белым доме?