Студэнткі Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Маргарыта Трафімовіч і Элеанора Азуманян абʼявілі галадоўку на знак салідарнасьці зь Ігарам Лосікам, паведаміў тэлеграм-канал «Рупар БДМУ».
«Я буду галадаць столькі часу, на колькі хопіць сілаў. Я перакананая, што ён робіць памылку, і бачу толькі адзін спосаб уплыву на ягонае рашэньне — далучыцца да галадаваньня», — гаворыцца ў адозьве студэнтак.
19 студзеня пра сваю галадоўку салідарнасьці з Ігарам Лосікам абвясьціў таксама праваслаўны сьвятар Уладзіслаў Багамольнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да галадоўкі салідарнасьці зь Ігарам Лосікам далучыўся сьвятарНароднае антыкрызіснае кіраўніцтва зьвярнулася да прадстаўніцтваў Эўразьвязу, ЗША і Вялікай Брытаніі з просьбай выкарыстаць усе даступныя сродкі і свой уплыў, каб уратаваць жыцьцё Ігару Лосіку, нагадаў Павал Латушка. НАК папрасіла:
- афіцыйна зьвярнуцца да ўладаў Беларусі і асудзіць незаконны арышт Ігара і ўсіх палітзьняволеных,
- дапусьціць да Ігара незалежных лекараў і настаяць на шпіталізацыі,
- падтрымаць патрабаваньні дапусьціць да Ігара родных і адвакатаў, у кантактах зь якімі ён абмежаваны.
Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» Ігар Лосік галадае ўжо больш за месяц — ад 15 сьнежня. Яму становіцца горш: зьявіліся праблемы зь ціскам.
Ігар Лосік патрабуе зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў, якія лічыць беспадстаўнымі, або замены меры стрыманьня на не зьвязаную зь зьняволеньнем.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.