Мясцовы райвыканкам спыніў з 36-гадовым мэнэджарам працоўныя адносіны пасьля падпісаньня ім адкрытага ліста з патрабаваньнем да ўлады. Знайсьці занятак у спартовай індустрыі на радзіме спэцыялісту не ўдалося.
Пра Яўгена Мазуру сьцісла
- Нарадзіўся ў сям’і спартоўцаў у Маладачанскім раёне.
- У Менску скончыў сярэднюю школу, радыётэхнічны каледж і ўнівэрсытэт фізкультуры.
- У 2017 годзе пад ягоным кіраўніцтвам спартовы клюб у хакеі на траве «Вікторыя» з Смалявічаў стаў чэмпіёнам Беларусі.
- Працаваў у Фэдэрацыі хакею Беларусі. Удзельнічаў у стварэньні хакейных клюбаў у Баранавічах, Бабруйску, Пінску, Воршы. Два гады працаваў з хакейным клюбам «Лякаматыў».
- Удзельнік Беларускага фонду спартовай салідарнасьці.
«Маленькі крок да спыненьня неапраўданай жорсткасьці і гвалту»
Яўген Мазура кажа, што да траўня 2020 году лічыў сябе «больш-менш апалітычным чалавекам». Быў заняты працаю, разьвіваўся як адмысловец спартовага мэнэджмэнту. Выбарамі ў розныя гады цікавіўся, але ня бачыў у іх «яркіх удзельнікаў», а апазыцыя здавалася яму не гатовай да барацьбы за ўладу. Сытуацыя зьмянілася летась.
Яго ўразіў размах рэпрэсіяў супраць тых, хто выйшаў пратэставаць. Пра тое, што адбывалася, Яўген даведваўся з інтэрнэту. Кажа, што прапускаў усё празь сябе і зарабіў у выніку бессань.
У канцы жніўня Яўген падпісаў «Адкрыты ліст з патрабаваньнем да ўлады», бо палічыў сваім абавязкам «зрабіць гэты невялікі крок» да спыненьня неапраўданай жорсткасьці і гвалту.
На ягоную думку, нават сілавікі не былі гатовыя, што «народ аб’яднаецца дзеля лепшага жыцьця».
«Тое, зь якой самаахвярнасьцю беларусы ўзьняліся, выклікае вялікую павагу. Як пераможам, то слова „народ“, калі гаворка зойдзе пра беларусаў, варта пісаць зь вялікай літары», — лічыць ён.
«Я разумеў, што страчу працу»
Падпісаньне адкрытага ліста абурыла фэдэрацыю хакею і ейнага старшыню Дзьмітрыя Баскава, зь якім у Яўгена Мазуры адбылася гутарка.
Ён кажа: калі ў верасьні «Лякаматыў» пайшоў на месячны карантын праз каранавірус, Баскаў зьвязаўся з кіраўніцтвам Воршы. Адразу пасьля гэтага мясцовыя чыноўнікі запатрабавалі ў клюбе кантракт і графік працы дырэктара. Да гэтага больш за два гады нікога не цікавіла, як каманда дасягае вынікаў, бо сытуацыя ўсіх задавальняла, адзначае Яўген.
Паводле яго, у беларускім хакеі не прынята выказваць грамадзянскую пазыцыю. Маючы досьвед працы на кіроўных пасадах, Мазура прадбачыў, што яго чакае.
«Я разумеў, што, хутчэй за ўсё, страчу працу. Нават зьдзівіўся, што гэта адбылося толькі ў кастрычніку, а ня значна раней».
15 кастрычніка быў апошнім ягоным працоўным днём на пасадзе начальніка каманды, старшага трэнэра ды выканаўцы абавязкаў дырэктара хакейнага клюбу «Лякаматыў». Фармальна Яўгена Мазуру звольнілі пры згодзе бакоў.
Паводле ягоных зьвестак, неўзабаве пасьля гэтага ў каманду наведаўся дзяржкантроль. У канцы сьнежня праверка скончылася — і цяпер на яго нібыта хочуць ускласьці «нейкія страты».
Суразмоўца цьвердзіць: зь першага дня прызначэньня на пасаду выконваў значна больш абавязкаў, чым было прадугледжана кантрактам. Ён прасіў наймальніка паставіць некага дырэктарам, каб самому застацца начальнікам каманды — старшым трэнэрам. Але ягоныя звароты пакідалі без задавальненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хакейны чэмпіянат адабралі? Цяпер палітыцы рэпрэсій нішто не замінаеПа звальненьні Яўгену Мазуру знайсьці занятак у беларускай спартовай індустрыі не ўдалося, і ён вырашыў зьехаць. Гаварыць пра тое, як складзецца жыцьцё за мяжой, пакуль не гатовы. Як будзе магчымасьць, то вернецца на радзіму, каб тут выкарыстоўваць досьвед спартовага мэнэджара.
Клюб аштрафавалі, бо гульцы не трымалі на сэрцы рукі падчас гімна.
Яўген Мазура кажа, што клюб перажываў ягонае звальненьне. Многія з хакеістаў прыходзілі ў каманду пад пэўныя гарантыі, бо ён меў магчымасьці іх даваць.
«Я не хацеў падбіваць каманду на пратэставыя дзеяньні ў сувязі з маім звальненьнем, бо гэта было б няправільна», — адзначае ён.
У сьнежні хакеістаў аршанскага «Лякаматыва» аштрафавалі на 675 рублёў за тое, што пяць гульцоў не трымалі рукі на сэрцы падчас выкананьня гімну на пачатку аднаго з матчаў.
Яўген Мазура кажа, што такое патрабаваньне ў рэглямэнце ёсьць, але, на ягоны погляд, яно выглядае як навязваньне ідэалягічных установак дзяржавай. Ён адзначае, што раней выкананьне гэтага патрабаваньня асабліва не адсочвалі і за такое парушэньне не каралі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка страціў чэмпіянат у хакеі. Хроніка падзей«Спорт заўжды будзе палітыкай»
Яўген Мазура лічыць, што цяперашні час высьвечвае, хто здольны на ўчынак, а хто хоча застацца з «уяўнай большасьцю». Ён не бярэцца судзіць тых спартоўцаў, якія падпісалі ліст у падтрымку ўлады, але яны для яго больш не існуюць, бо «выказаліся за зьбіваньне людзей».
Яўген лічыць: пачаўшы падпісваць у сваю падтрымку спартоўцаў, улада спрабуе хоць неяк адрэагаваць на ініцыятыву фонду спартовай салідарнасьці, але выходзіць у яе гэта кепска. Ён перакананы, што без запалохваньня і выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу праўладны ліст мала хто б падпісаў.
«Спартоўцам кажуць: як хочаце і далей працаваць, працягваць сваю кар’еру, то мусіце ставіць подпіс», — тлумачыць Яўген.
Яго ня дзівіць, што сярод падпісантаў апынуліся чыноўнікі, якія раптам успомнілі, што ў маладосьці мелі спартовы разрад, ды расейскія легіянэры.
Яўген Мазура перакананы, што перасьлед спартоўцаў, нязгодных з пазыцыяй улады, працягнецца. Іх будуць пазбаўляць фінансаваньня, прыбіраць з мэдыйнага поля, лічыць ён. Чыноўнікі ж такія дзеяньні будуць апраўдваць тым, што «спорт павінен быць па-за палітыкай».
«Спорт заўжды быў палітыкай, — настойвае суразмоўца. — Уздымаць сьцяг краіны ў гонар пераможцы — гэта ў чыстым выглядзе палітыка».
«Руплівасьць, зь якой Рэнэ Фазэль намагаўся захаваць чэмпіянат у Беларусі, наводзіць на непрыемныя думкі»
Яўген Мазура лічыць абгрунтаваным пазбаўленьне Беларусі права на правядзеньне сёлетняга чэмпіянату сьвету ў хакеі.
На ягоную думку, сустрэча прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) Рэнэ Фазэля з Лукашэнкам была запраграмаваная на скандал. На момант візыту спартовага функцыянэра ўжо многія нацыянальныя зборныя адмовіліся ўдзельнічаць у першынстве, калі яно пройдзе ў Беларусі. Латвія ж не захацела сумесна зь Беларусьсю наагул праводзіць спаборніцтва.
«Тая руплівасьць, зь якой Рэнэ Фазэль намагаўся захаваць правядзеньне чэмпіянату ў Беларусі, наводзіць на непрыемныя думкі, — падсумоўвае Яўген Мазур. — У Міжнароднай фэдэрацыі хакею і яе кіраўніка было дастаткова матэрыялу, які сьведчыў, што адбываецца ў Беларусі. А старшыня нацыянальнай фэдэрацыі Баскаў дык наагул дыскрэдытаваў сябе як кіраўнік зразаньнем стужак і ўдзелам у інцыдэнце з Раманам Бандарэнкам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацсеткі пра скасаваны хакей у Беларусі: Пройдзе чэмпіянат паміж АМАПам і спэцназам