Чаго хоча дамагчыся Байдэн у першыя 100 дзён у Белым доме?

Джо Байдэн

З часоў Франкліна Рузвэльта ўсе амэрыканскія прэзыдэнты ацэньваліся па тым, якую частку сваёй праграмы яны змаглі выканаць за першыя 100 дзён працы сваіх адміністрацыяў.

На думку экспэртаў, абраны прэзыдэнт Джо Байдэн поўны рашучасьці правесьці значную частку свайго парадку дня праз Кангрэс на раньнім этапе свайго тэрміну.

«Які іншы прэзыдэнт прыходзіў, проста з парога настойваючы на прыняцьці стымуляцыйных захадаў у памеры 2 трыльёнаў даляраў?» — заявіў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Дэн Магафі, старшы віцэ-прэзыдэнт і дырэктар па пытаньнях палітыкі ў вашынгтонскім Цэнтры вывучэньня прэзыдэнцкай улады і Кангрэсу.

Аднак Байдэну давядзецца працаваць ва ўмовах значна слабейшай большасьці ў кожнай палаце, чым пры Бараку Абаме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ЗША пра імпічмэнт Трампа: за і супраць

Тым ня менш ягоны плян «яшчэ больш грандыёзны з прычыны падвойнага выкліку — у сфэры аховы здароўя і эканомікі», адзначыў Магафі.

Самы вялікі элемэнт ягонага пляну — прамыя выплаты і іншыя захады, накіраваныя на падтрымку пацярпелых асобаў і сем’яў, агульным абʼёмам каля 1 трыльёна даляраў.

Плян Байдэна таксама прадугледжвае выдзяленьне 440 мільярдаў даляраў у выглядзе прамой дапамогі малому бізнэсу і мясцовым органам улады.

Але прыняцьце гэтага пакету — далёка не адзінае, чаго ён спадзяецца дасягнуць у свае першыя месяцы на пасадзе. Вось некаторыя іншыя палітычныя прыярытэты Байдэна.

Зьнешняя палітыка

Байдэн паабяцаў аднавіць адносіны з саюзьнікамі і іншымі краінамі, якія пагоршыліся з прычыны ізаляцыянісцкай палітыкі пад лёзунгам «Амэрыка перадусім», што праводзіла адміністрацыя Дональда Трампа. Ён таксама мае намер склікаць міжнародны саміт, прысьвечаны барацьбе з карупцыяй і ваяўнічым нацыяналізмам.

Рэформа крымінальнага правасудзьдзя

Грамадзкасьць абураецца тым, што паліцэйскія забіваюць бяззбройных афраамэрыканцаў. У адказ на гэта Байдэн паабяцаў стварыць нацыянальную камісію па наглядзе за дзейнасьцю паліцыі і заняцца распрацоўкай стратэгіяў усталяваньня даверу паміж паліцыяй і мясцовымі супольнасьцямі з мэтай зьніжэньня напружанасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп зьняў забарону на ўезд у ЗША з Эўропы і Бразыліі. Байдэн ня згодны

Навакольнае асяродзьдзе

Байдэн даў зразумець, што ён ізноў далучыцца да Парыскага пагадненьня па клімаце і зробіць іншыя захады, каб ЗША сталі сусьветным лідэрам у намаганьнях па запавольваньні зьменаў клімату.

Падаткі

Байдэн спадзяецца скасаваць маштабнае зьніжэньне карпаратыўных падаткаў, прынятае пры Трампу, калі падатак на кампаніі зьнізіўся з 35% да 21%. Ён таксама хоча падвысіць падаходны падатак для самых багатых амэрыканцаў.

Іміграцыя

Пасьля чатырох гадоў працы адміністрацыі, якая відавочна варожа ставілася да многіх формаў іміграцыі ў ЗША, адміністрацыя Байдэна прапануе радыкальную іміграцыйную рэформу, якая дасьць магчымасьць атрымаць грамадзянства больш як 11 мільёнам нелегальных імігрантаў.

На думку Магафі, Байдэн зможа разьлічваць прынамсі на нейкае супрацоўніцтва з Кангрэсам у першыя дні сваёй адміністрацыі.

«Кансэнсус у Кангрэсе, нават з улікам таго, што Сэнат падзяліўся роўна напалам, палягае ў тым, што трэба прымаць меры ў дачыненьні да эканомікі», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ёсьць хто: кандыдаты Байдэна на ключавыя пасады ў ЗША