19 студзеня абнавіліся лякальныя тэмпэратурныя мінімумы адразу на васьмі станцыях у Беларусі, піша БелаПАН. Халадней за ўсё ўжо трэці раз за студзень было ў Слуцку — 28,3 градуса марозу. Ранейшы рэкорд нізкай тэмпэратуры ў гэтым горадзе складаў −25,8 градуса ў 1950 годзе.
Перапісаліся рэкорды таксама ў Ганцавічах, дзе тэрмомэтар паказаў 28 градусаў ніжэй за нуль. Тут рэкорд дня пабіты больш як на 4 градусы, у параўнаньні з 2006 годам, калі было −23,8. На балотнай мэтэастанцыі «Палеская» на ўсходзе Берасьцейскай вобласьці амаль на 3 градусы пераўзыдзены паказьнік 36-гадовай даўнасьці, цяпер тут адзначылі −27,3.
Новыя рэкорды пастаўленыя ў Бабруйску: −25,9 (24,9 у 1968 годзе), Акцябрскім: 24,7 са знакам «мінус» (23,3 марозу ў 1977-м), Лельчыцах: 24,4 марозу (−22,6 у 1980-м), Мазыры: −23,2 (23 марозу ў 1977-м) і Высокім: 20,6 ніжэй за нуль (−19,2 у 2006-м).
Усяго за апошнія чатыры ночы абноўлена 27 тэмпэратурных мінімумаў. Аднак, па прагнозах сыноптыкаў, ноч на 20 студзеня стане апошняй, калі тэмпэратура будзе ніжэйшай за 20 градусаў марозу, далей наступіць пацяпленьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марозны туман сьцелецца над Дняпром. Сонечны фатафакт з Магілёва ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Надвор’е ў Беларусі: на Вадохрышча яшчэ марозна, а пасьля прагназуюць пацяпленьне