Якой будзе Расея пасьля вяртаньня Навальнага?

Аляксей Навальны ў аэрапорце «Ўнукава» падчас затрыманьня, 17 студзеня

Ці можа вяртаньне і асуджэньне Аляксея Навальнага выклікаць палітычны пад’ём у Расеі? Якія высновы са справы беларускі Марыі Калесьнікавай вынікаюць адносна справы Навальнага? Наколькі беларуская і расейская палітыка сфакусаваная на асобах, на лідэрах? Учынак Навальнага — прыклад для лідэраў беларускага пратэсту?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычны аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Міхаіл Сакалоў і палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Сакалоў

  • Судзілішча над Навальным адбываецца ў паліцэйскім пастарунку, гэта парушэньне ўсіх нормаў крымінальна-працэсуальнага кодэксу РФ
  • Я, на жаль, не магу парадаваць вашых гледачоў, грамадзтва знаходзіцца ў ковіднай апатыі, людзі баяцца заразы
  • Рэжым Пуціна дадаў сабе рэпрэсіўнасьці на легальнай аснове
  • Апазыцыйная частка грамадзтва расколатая, частка апазыцыянэраў з падазрэньнем ставіцца да Навальнага
  • Разумныя палітолягі казалі, што Навальнаму варта было вяртацца вясной ці ўлетку, а не цяпер
  • Я не чакаю варыянту, што Навальнага не пасадзяць. Цяпер рашэньні ў Крамлі прымаюць не такія спрактыкаваныя паліттэхнолягі, якім быў Вячаслаў Суркоў
  • Ён любіў камбінацыі, якія дыскрэдытуюць, заманьваюць праціўніка
  • Сёньня і ўчора мы бачым тупое дубаломства, я ня веру ў складаныя камбінацыі ўлады

Міхаіл Сакалоў

  • У 2019 годзе мала хто чакаў, што будуць мясячныя дэманстрацыі з прычыны таго, што шэраг кандыдатаў у Маскоўскую гарадзкую Думу не былі зарэгістраваныя
  • Сваім крокам Навальны зрабіў сябе рэальным кандыдатам, які можа замяніць Пуціна на пасадзе прэзыдэнта
  • Навальны быў на адным узроўні паводле папулярнасьці зь Нямцовым, пакуль апошняга не забілі
  • Ёсьць яшчэ дзьве супастаўныя асобы, але яны абодва ў эміграцыі — гэта Каспараў і Хадаркоўскі
  • Выбар Навальнага — гэта нежаданьне паўтарыць іх лёс
  • Яму робяць біяграфію цярновым вянцом, які надзяваюць на яго
  • Пераемнікам Пуціна можа стаць не традыцыйны апазыцыянэр, а фігура кшталту апальнага хабараўскага Фургала ці вашага Бабарыкі
  • Выбаршчыкаў Навальнага цікавіць на праграма, а яскравая моцная асоба

Шрайбман

  • Калесьнікава зьдзейсьніла свой гераічны ўчынак тады, калі краіна перажывала вострую турбуленцыю, на моцным грамадзкім падʼёме
  • Парваньне пашпарту Калесьнікавай было ў шэрагу іншых важных падзеяў, гэта не была гара ў даліне
  • Расейскі палітычны ляндшафт сёньня даволі бляклы, дэпрэсіўны
  • Рызыкі розныя, Навальнага спрабавалі забіць, у Беларусі палітычных лідэраў не забівалі гадоў 20
  • Ахвяра Калесьнікавай была ахвярай на алтар рэвалюцыі, якая была тады ў зэніце. Ахвяра Навальнага — дзеля будучыні
  • Ён разумее, што калі зараз яго пасадзяць, натоўп разьюшаных масквічоў ня будзе штурмаваць турму
  • Пасадкі Навальнага сталі нечым звыклым. А пратэставы выбух спараджаецца нечаканымі крокамі ўладаў, калі ўлада робіць ня тое, што робіць звычайна
  • Самі па сабе выбары 9 жніўня не былі для ўлады катаклізмам з пункту гледжаньня пратэстаў
  • Пратэст у памеры дзясяткаў тысячаў 9–12 жніўня — гэта і быў адказ грамадзтва на фальсыфікацыі на выбарах

Арцём Шрайбман

  • Але апагей пратэсту, ужо сотні, а не дзясяткі тысячаў пратэстоўцаў, — гэта было пасьля гвалту. Гвалт, а не фальсыфікацыі, быў трыгерам
  • Расейская ўлада не дапускае трыгераў такога маштабу
  • Вяртаньне Навальнага і яго імаверны арышт — яшчэ адзін крок у бок закручваньня гаек у Расеі
  • Атручваньне Навальнага, цяперашняе яго затрыманьне і магчымае рэальнае пазбаўленьне волі — гэта крокі да «беларусізацыі» Расеі
  • У выніку Пуцін і Лукашэнка будуць шчыльней трымацца адзін за аднаго
  • Пакуль беларускія апазыцыянэры кажуць, што яны больш карысныя на волі, у эміграцыі, чым дома
  • Я гатовы пагадзіцца з гэтым наконт Ціханоўскай, але ня ўпэўнены ў рацыі такога выбару адносна ўсіх астатніх
  • Я не выключаю, што некага зь беларусаў крок Навальнага зматывуе да падобнага кроку
  • Даданая вартасьць беларускіх палітычных эмігрантаў вельмі хутка эвалюцыянуе ў бок вартасьці Каспарава і Хадаркоўскага