Актывіста БНФ Вітольда Ашурка асудзілі на 5 гадоў калёніі за ўдзел у пратэстах супраць сфальшаваных выбараў прэзыдэнта.
50-гадовага сябра партыі БНФ Вітольда Вітольда Ашурка суд Лідзкага раёну прызнаў вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў: 342 «Арганізацыя або падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» і 364 «Гвалт у дачыненьні да міліцыянта».
Паводле артыкулу 342 ён пакараны на два гады чатыры месяцы калоніі, па 364 — чатыры гады калоніі. Агулам па сукупнасьці ягонае пакараньне склала пяць гадоў калёніі агульнага рэжыму. Суд пастанавіў таксама кампэнсаваць пацярпеламу міліцыянту на прозьвішча Каціла 1000 рублёў маральнай шкоды і 80 рублёў кампэнсацыі за лекі.
Суд над Ашуркам быў ад пачатку закрыты, хоць падтрымаць яго прыходзілі дзясяткі чалавек. Спачатку такое рашэньне тлумачылі эпідэмічнай сытуацыяй, потым — «дзяржаўнай тайнай», паведамляў раней Праваабарончы цэнтар «Вясна». Справу разглядаў судзьдзя Максім Філатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіст з Гарадзеншчыны ня выйшаў на волю пасьля 30 сутак арыштуВітольда Ашурка спачатку затрымалі ўвечары 9 жніўня, але празь некалькі дзён адпусьцілі, калі па ўсёй краіне пасьля хвалі пратэстаў вызвалялі зьняволеных удзельнікаў пратэстаў. Потым яго забралі 19 верасьня і асудзілі на 30 дзён арышту ў адміністрацыйных справах за ўдзел у 8 мітынгах. Аднак празь месяц Ашурка ня выпусьцілі, бо завялі на яго крымінальныя справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 89 чалавек атрымалі крымінальныя выракі за пратэсты супраць Лукашэнкі. 38 зь іх накіравалі ў калёніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэба пэндзлі, фарбы і лекі для скуры. Як жывуць вязьні пратэстуГэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.