Клюбам розных дывізіёнаў чэмпіянату Беларусі ў футболе забараняюць праводзіць вучэбна-трэнавальныя зборы за мяжой, паведамляе «Прессбол».
«Нягледзячы на ясную пазыцыю Беларускай фэдэрацыі футболу (АБФФ) і Міністэрства спорту з нагоды замежных збораў у бягучых умовах, шэраг клюбаў працягвае „перакідваньне паперкамі“ з гэтымі інстанцыямі ў надзеі знайсьці паразуменьне».
Дзяржава фінансуе ўсе клюбы, якія плянавалі замежны ваяж. На думку выданьня, захоўваецца ілюзія выбару, але ў выпадку палёту ў Турэччыну ці на Кіпр на зборы каманду пазбавяць дзяржаўнай падтрымкі. А адарваньне ад бюджэту для большасьці клюбаў нават з Найвышэйшай лігі стане істотным ударам па фінансаваньні, а магчыма, нават спрычыніцца да іх зьнікненьня.
Але нават калі клюбы не паляцяць на зборы за мяжу, захаваўшы дзяржаўнае фінансаваньне, варта памятаць пра «падтэкст» — праз выключэньне футболу са сьпісу прыярытэтных для Міністэрства спорту відаў у ім усё адно будзе меней бюджэтных грошай.
Калі дамовіцца з АБФФ і Мінспорту не атрымаецца, чэмпіён краіны «Шахтар» з Салігорску не паляціць у ААЭ, дзе меў цэлы плян сустрэч з клюбамі з Украіны, Латвіі і Расеі. Таксама ў такім выпадку немагчымымі стануць зборы барысаўскага БАТЭ, жодзінскага «Тарпэда-БелАЗ», менскага «Дынама», берасьцейскага «Руху» і іншых камандаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З газэты «Прессбол» звольніўся яе заснавальнік і журналіст, які працаваў у ёй ад першага нумара ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнілі галоўнага трэнэра жаночага футбольнага клюбу «Мінск». Ён падпісваўся пад зваротам за новыя выбары