У ноч з 16 на 17 студзеня мінімальная тэмпэратура ў Беларусі склала амаль −29 градусаў.
Абсалютныя мінімумы абнавіліся 17 студзеня на пяці мэтэастанцыях Віцебскай, Менскай і Магілёўскай абласьцей, паведамляе БелаПАН.
Як і напярэдадні, самая нізкая тэмпэратура была ў Слуцку — 28,7 градуса ніжэй за нуль (16 студзеня — 26,8). Пабіты рэкорд 34-гадовай даўнасьці.
Абноўленыя мінімумы таксама ў Клічаве — 25,3, Езярышчы — 24, Валожыне — 21,2 і Амсьціславе — 19,6.
Абсалютны мінімум ночы для ўсёй Беларусі зафіксавалі 17 студзеня 1940 году ў Барысаве. Тады быў 41 градус марозу.
Рэкорды тэмпэратуры зафіксавалі ўжо другую ноч запар. У наступныя дні, па прагнозах сыноптыкаў, вялікія маразы захаваюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белгідрамет: Мінулы год быў самы цёплы за ўсю гісторыю мэтэаназіраньняў. А што ў студзені? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галалёдзіца паралізавала рух трамваяў у Віцебску і тралейбусаў у Гомлі і Магілёве