З 16 студзеня ва Ўкраіне мова гандлю і паслуг — украінская

З 16 студзеня 2021 году абслугоўваць кліентаў ва Ўкраіне трэба на дзяржаўнай мове. Паслуга кліенту можа быць на іншай мове, але толькі на ягоную просьбу.

З 16 студзеня 2021 году мовай абслугоўваньня кліентаў ва Ўкраіне павінна стаць дзяржаўная мова — украінская. Упаўнаважаны ў абароне дзяржаўнай мовы Тарас Крэмінь апублікаваў дэталёвую інструкцыю для грамадзянаў, што ім рабіць у выпадку, калі ва ўстанове гандлю парушаюць іх права атрымліваць інфармацыю ці паслугі дзяржаўнаю моваю.

Раней ён нагадваў: «Згодна з артыкулам 30 Закону Ўкраіны „Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай“, усе пастаўнікі паслугаў, незалежна ад формы ўласнасьці, абавязаны абслугоўваць спажыўцоў і надаваць інфармацыю пра тавары і паслугі на дзяржаўнай мове. У супэрмаркеце і ў інтэрнэт-краме, у кавярні, банку, на запраўцы, у аптэцы ці ў бібліятэцы, дзе б вы ні знаходзіліся — абслугоўваньне мае быць па-ўкраінску».

Разам з тым Тарас Крэмінь падкрэсьліў, што паслуга кліенту можа быць аказана на іншай мове, але толькі на ягоную просьбу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За абразу ўкраінскай мовы будуць караць. Што ў моўным законе, які ўхваліў парлямэнт Украіны

25 красавіка 2019 году Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай». Закон гарантуе становішча ўкраінскай мовы ў дзяржаўным кіраваньні, сфэры паслуг, адукацыі і сродках масавай інфармацыі.

Чыноўнікі панясуць адказнасьць за няведаньне ўкраінскай мовы, але яна будзе дзейнічаць толькі праз тры гады з моманту прыняцьця закону. Закон не абмяжоўвае прыватных зносінаў на ўсіх мовах і свабоднага выкарыстаньня моваў мяншыняў, лічаць яго суаўтары ва ўрадзе і парлямэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ва Ўкраіне 25 гадоў адраджалі сваю мову, пакуль у Беларусі дзейнічала дзяржаўнае дзьвюхмоўе. 10 фактаў