Журналістам забаранілі здымаць прыбыцьцё Навальнага «праз каранавірус»

Russia - Opposition activist Alexei Navalny, 24 dec 2017

Аэрапорт «Унукава» не дае дазволу журналістам здымаць прыбыцьцё расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, які плянуе вярнуцца з Бэрліну ў Расею ў нядзелю, 17 студзеня.

Пра гэта гаворыцца ў адказе выданьню Sota Vision. У прэс-службе аэрапорту забарону патлумачылі захадамі дзеля недапушчэньня каранавіруснай інфэкцыі і забесьпячэньня бясьпекі пасажыраў і гасьцей міжнароднага аэрапорту «Ўнукава».

«Масавыя мерапрыемствы, у тым ліку арганізацыя дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі, на тэрыторыі аэравакзальнага комплексу часова не праводзяцца», — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Навальны — будучы прэзыдэнт Расеі, і беларусам няма чаго баяцца». ВІДЭА

Sota Vision заяўляе, што «эфір з аэрапорту адбудзецца незалежна ад гатоўнасьці яго прэс-службы супрацоўнічаць з журналістамі». Расейская Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў напярэдадні заявіла, што «прыме ўсе меры для затрыманьня» Навальнага да пасяджэньня суду, дзе будзе разглядацца справа аб замене ўмоўнага тэрміну на рэальны.

Навальны цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне, дзе праходзіць рэабілітацыю пасьля атручваньня. Як паведаміў палітык 13 студзеня, ён вернецца ў Расею рэйсам «Победы» ў нядзелю, 17 студзеня. У той жа дзень стала вядома, што з 29 сьнежня 2020 году ён афіцыйна значыцца ў Расеі ў фэдэральным вышуку.