14 студзеня ў рэдакцыі інфармацыйнага агенцтва БелаПАН супрацоўнікі Сьледчага камітэту і міліцыі правялі ператрус. Канфіскаваныя каля 10 жорсткіх дыскаў кампутараў, дакумэнты, жорсткі дыск сэрвэра лякальнай сеткі, нэтбукі, візытоўкі. Нягледзячы на гэта, рэдакцыя працягвае працаваць і выконвае ўсе абавязаньні перад сваімі падпісчыкамі.
На працы журналістаў і рэдактараў ператрус і канфіскацыя не адбіліся
Дырэктар інфармагенцтва БелаПАН Дзьмітры Наважылаў запэўніў, што рэдакцыя працу не прыпыняла.
«Навіны на стужку выстаўляюцца, абавязаньні перад падпісчыкамі мы выконваем. Зараз ідзе пакрокавая праца па аднаўленьні ўсіх страчаных тэхнічных элемэнтаў. Канечне, у поўнай ступені ўсё хутка аднавіць немагчыма, паколькі інфармацыя, якая ўтрымлівалася на сэрвэры і жорсткіх дысках, вынятая. Калі вернецца, і ці ў поўным аб’ёме, мы ня ведаем.
Але хачу падкрэсьліць: мы не спынялі працы, працуем і ўсе абавязаньні перад падпісчыкамі мы выконваем.
А ўсе цяжкасьці, якія ўзьніклі, — гэта нашы цяжкасьці, зь якімі мы спраўляемся», — кажа дырэктар БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рэдакцыі БелаПАН прайшоў ператрус без прысутнасьці адваката, адну журналістку шпіталізавалі. ФОТА і ВІДЭАГалоўны рэдактар Ірына Леўшына дадае, што кампанія БелаПАН ужо даволі даўно працуе дыстанцыйна з прычыны каранавірусу — зь сярэдзіны сакавіка 2020 году.
«Таму на працы рэдактараў, на працы журналістаў ператрус і канфіскацыя дыскаў і тэхнікі не адбіліся.
Але немагчыма працаваць зусім бяз офіса. Пэрыядычна мы там сустракаемся, праводзім абмеркаваньні, лятучкі. А цяпер жорсткія дыскі і дакумэнтацыя дырэктара, галоўнага рэдактара канфіскаваныя.
І фактычна паралізаваная праца нашай бухгальтэрыі. Журналісты могуць працаваць, але праца кампаніі ў цэлым мае складанасьці», — кажа Ірына Леўшына.
«Мы прафэсіяналы»
БелаПАН ня першы раз перажывае падобныя сытуацыі, калі ў офіс урываюцца сілавікі са зброяй, з крыкамі, запалохваюць супрацоўнікаў, забіраюць тэхніку. Прычыны прыдумляюць розныя: мінулым разам прадстаўнікі праваахоўных органаў у цывільным нібыта шукалі стаматалягічны кабінэт. Чаму да журналістаў ужываюцца такія нецывілізаваныя мэтады?
«Пра мэтады — гэта пытаньне не да нас, чаму такія мэтады выкарыстоўваюцца. Адзіны адказ на гэтае пытаньне — каб мы не пасьпелі паведаміць у зьнешні сьвет, што да нас прыйшлі.
Нам зачыталі афіцыйную пастанову, што ператрус адбываецца па крымінальнай справе Андрэя Аляксандрава», — адзначае Дзьмітры Наважылаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС пра Аляксандрава: «Затрыманыя падазраюцца ў фінансаваньні пратэстнай дзейнасьці»Калі ў офісе праводзіліся сьледчыя дзеяньні, туды не дапусьцілі адваката Сяргея Зікрацкага. Нягледзячы на дыстанцыйную працу, у момант уварваньня сілавікоў у офісе былі журналісты, на якіх быў аказаны псыхалягічны ціск.
«Настрой ва ўсіх нармальны, мы перажылі падобнае ў 2018 годзе са справай БелТА. Мы разумеем, у які час жывем і што мы — журналісты недзяржаўнага СМІ. Таму ўсе да ўсяго гатовыя», — кажа галоўны рэдактар Ірына Леўшына.
Калі ўварваліся сілавікі — з крыкамі, са зброяй, супрацоўніцы БелаПАН Тацяне Бублікавай стала дрэнна. Прыехала хуткая дапамога, Тацяну шпіталізавалі ў кардыялёгію першага шпіталя. У пятніцу Тацяна паведаміла, што адчувае сябе нармальна.
«Я сама не чакала, што арганізм так адрэагуе. Спачатку была моцная тахікардыя. Прыехала хуткая, памералі ціск, ён аказаўся вельмі высокі. Зьбівалі ўколам магнэзіі, кропельніцамі. Цяпер больш-менш нармальна. Але набыла сабе таномэтар», — кажа Тацяна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады па-ранейшаму схiльныя маніпуляваць законам дзеля сваiх палітычных мэтаў», — заява амбасады ЗША ў БеларусіДырэктар БелаПАН Дзьмітры Наважылаў працягвае, што беларускія журналісты ўжо прывыклі працаваць у экстрэмальных умовах.
«Зразумела, што мы ня робаты, ня кібаргі, не жалезныя чалавекі, мы звычайныя людзі, хоць і журналісты. Бо часам кажуць, што журналіст — гэта не чалавек. Натуральна, усё гэта адбіваецца на псыхалягічным, эмацыйным стане, ёсьць трывога, напружаньне. Але я не магу сказаць, што мы прыгнечаныя. Мы прафэсіяналы, і мы выконваем сваю працу нават у экстрэмальных сытуацыях. Як бы патасна гэта ні гучала, але гэта сапраўды так. Працуем», — дадае Дзьмітры Наважылаў.
Паралізаваная праца бухгальтэрыі, узьнікнуць праблемы са сплатай падаткаў
Да 20 студзеня кампанія павінна сплаціць падаткі. А жорсткія дыскі, дзе захоўваецца ўся фінансавая інфармацыя, канфіскаваныя.
«Натуральна, што да пазначанага тэрміну мы ня зможам сплаціць падаткі. Таму сёньня паедзем у падатковую інспэкцыю з копіяй пратаколаў ператрусу і канфіскацыі, каб тлумачыць сытуацыю, што так склаліся абставіны, але не па нашай віне», — тлумачыць дырэктар БелаПАНу Дзьмітры Наважылаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 журналістаў праходзяць падазраванымі ў крымінальных справах, 9 зь іх — у СІЗА. ВІДЭАЗВАРОТ