Амбасада ЗША ў Беларусі асудзіла перасьлед журналістаў і незалежных мэдыяў.
«Мы занепакоеныя перасьледам незалежных СМІ, якія робяць сваю справу, неперадузята паведамляючы суграмадзянам аб тым, што адбываецца. Арышт Андрэя Аляксандрава і рэйд на інфармацыйнае агенцтва БелаПАН у пошуках сумнеўных апраўданьняў яго арышту ёсьць яшчэ адным сьведчаннем таго, што ўлады па-ранейшаму схiльныя маніпуляваць законам дзеля сваiх палітычных мэтаў», — гаворыцца ў заяве амэрыканскага дыппрадстаўніцтва.
Моцныя незалежныя СМІ, свабодны абмен інфармацыяй і доступ да яе зьяўляюцца правам беларускага народу i вельмi важныя для адкрытага сучаснага грамадзтва, перакананае кіраўніцтва амбасады ЗША ў Беларусі.
«Мы зноў заклікаем урад Беларусі абараняць і забясьпечваць асноўныя свабоды, у першую чаргу свабоду сходаў, слова і друку. Беларускі народ заслугоўвае лепшай будучыні», — адзначаецца ў заяве.