Літоўская грамадзкая тэлевізія LRT правяла дабрачынны маратон «Разам да перамогі», на якім сабралі 68 607 эўра для падтрымкі пацярпелым падчас пратэстаў у Беларусі і на дапамогу ўкраінскаму Данбасу, перадае БелаПАН.
Зь беларускага боку дапамогу атрымаюць фонды BySol і «Страна для жизни».
«Мы гаворым пра роднасны і гістарычна блізкі нам народ. Літоўцы нямала ахвяравалі за свабоду, і ніхто ня можа ведаць і больш спачуваць тым, хто за яе змагаецца, чым мы», — сказаў прэзыдэнт Літвы Гінтас Наўседа, пад патранажам якога праходзіў тэлемаратон.
«Калі народ задушаны дыктатарам, мы павінны быць разам са сваімі братамі-беларусамі і гаварыць пра гэта», — сказаў ён.
У тэлемаратоне ўдзельнічала Сьвятлана Ціханоўская.
«Беларусы цяпер умацоўваюць структуры, які стварылі, людзі вучацца камунікаваць адзін з адным, самі прымаць рашэньні. Гэта начаткі дэмакратыі, якім таксама трэба вучыцца», — сказала Ціханоўская.
Яна чакае, што да вясны масавыя пратэсты ўзновяцца. «Падчас яе ўсё і атрымаецца».
«Спачатку беларусы вельмі зьдзівілі мяне, я захаплялася, — сказала экс-прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце. Як яны змагаліся, як яны разумелі сваю будучыню, што яны самі павінны абараняць сваю свабоду і дэмакратыю».
Часам такая барацьба працягваецца вельмі доўга, сказала Грыбаўскайце:
«Нават нам трэба ўвесь час бараніць нашую свабоду. Мы разумеем гэтую сытуацыю, гэта нашыя суседзі, браты і сёстры. Гэта вялікая адказнасьць — працягнуць ім руку дапамогі».
Падчас тэлемаратону дэманстраваліся кадры 1991 году, калі літоўцы абаранялі незалежнасьць, пратэстаў у Беларусі, а таксама з усходняй Украіны. Лёзунг акцыі — «Наша свабода вырасла, давайце дапаможам вырасьціць яе нашым суседзям».
«Галоўнае, каб ён [пратэст] не спыніўся, ня згас. Усе стаміліся, хваля пратэстаў аслабла, магчыма, яны набывае іншыя формы, сышла ў падпольле», — сказаў пасол Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас, якія пасьля адкліканьня знаходзіцца ў Вільні. На ягоную думку, галоўнае, што трэба цяпер беларусам — «увага простых людзей да простых людзей».