Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Святлана Ціханоўская атрымала ад літоўскага ўрада Прэмію свабоды, гаворыцца ў паведамленьні ў афіцыйным телеграм-канале Ціханоўскай.
«Сёньня ў Літве адзначаецца Дзень абаронцаў свабоды (30 гадоў). Кожны год у гэты дзень літоўскі ўрад уручае Прэмію свабоды. Прэмію 2020 году асудзіў Святлане Ціханоўскай і беларускаму народу, які мірна змагаецца супраць гвалту і беззаконьня ў сваёй краіне», — паведамілі ў прэс -службе Ціханоўскай.
Грашовую частку прэміі ў памеры 5 тысяч эўра Ціханоўская накіруе сем’ям загіблых мірных пратэстоўцаў.
Ціханоўская выступіла ў Сейме Літвы з прамовай пра важнасьць свабоды і для беларусаў, і для літоўцаў.
«У гэты дзень 30 гадоў таму да Віленскай тэлевежы прыйшла маладая жанчына. Разам з тысячамі літоўцаў яна прыехала туды, каб мірна абараніць свабоду сваёй краіны.
Празь некалькі гадзінаў яе насьмерць раздушыў савецкі танк. Яе імя сярод імёнаў 13 іншых герояў, і яго ніколі не забудуць у Літве.
Як і Ларэта Асанавічуце, сёлета беларусы выйшлі на вуліцы, каб вызначыць будучыню сваёй краіны.
Да жалю, як і Ларэта, некаторыя зь іх таксама былі забітыя за мірнае памкненьне.
Чаму адважныя літоўцы 30 гадоў таму ахвяравалі сваім жыцьцём? І чаму цяпер мільёны беларусаў рызыкуюць жыцьцём?
Прычына простая. Яны адважыліся ісьці да свабоды.
Рэжым думае, што, ламаючы нас сваімі машынамі рэпрэсій, яны могуць зьнішчыць наш дух свабоды і нашую годнасьць. Гэтага ня здарылася ў Літве і ня здарыцца ў Беларусі. Дарогі назад няма.
Але нам яшчэ належыць пераадолець цяжкасьці. І важна ведаць, што мы не самотныя ў барацьбе за дэмакратыю.
Мы стагодзьдзямі адчувалі суседзкае плячо Літвы. Сёньня мы як ніколі ўдзячныя за падтрымку, бо сябра пазнаецца ў бядзе.
І сёньня ад імя ўсіх беларусаў я хачу вам за гэта падзякаваць.
Дзякуем уладам Літвы за прынцыповую пазыцыю і вялікую падтрымку ўсіх беларусаў. Мы адчуваем, што вы побач з намі, і ведайце: мы зробім для вас тое ж самае ў будучыні.
Дзякуем усім грамадзянам Літвы за неймаверную салідарнасьць з намі. Усе беларусы памятаюць цудоўную карцінку з тысяч літоўцаў, якія стаяць у ланцугу сяброўства ад Вільні да мяжы зь Беларусьсю ў 31-ю гадавіну Балтыйскага шляху. Вы натхняеце і ўсяляеце ў нас надзею.
Я глыбока ўдзячная за Прэмію свабоды — 2020. Яна належыць усім беларусам, якія мірна змагаюцца супраць гвалту і беззаконьня. Гэта вялікі гонар, але таксама і напамін для ўсіх: нам трэба заставацца засяроджанымі і згуртаванымі. І мы пераможам.
За нашу і вашу свабоду! Жыве Беларусь!»