Прэм’ер-міністар Эстоніі падаў у адстаўку праз карупцыйны скандал

Талін

Прэмʼер-міністар Эстоніі і лідэр Цэнтрысцкай партыі Юры Ратас абвясьціў пра адстаўку на фоне карупцыйнага скандалу.

«Апублікаваныя сёньня падазрэньні пракуратуры не азначаюць, што хтосьці адназначна вінаваты, але яны непазьбежна кідаюць сурʼёзны цень на ўсіх датычных. У такой сытуацыі здаецца адназначна правільным даць магчымасьць сыходам у адстаўку праліць сьвятло на ўсе абставіны і дасягнуць яснасьці. Ва ўмовах палітычнага і грамадзкага спакою», — напісаў Ратас у Фэйсбуку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія заклікала ўвесьці санкцыі супраць прадпрыемстваў Эўразьвязу, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі

Напярэдадні паліцыя бясьпекі Эстоніі прадʼявіла падазрэньні ва ўчыненьні крымінальнага злачынства генэральнаму сакратару Цэнтрысцкай партыі Міхаілу Корбу, дарадцу міністра фінансаў Кэрсьці Крахт, бізнэсоўцу Гілары Тэдэру і яшчэ двум асобам, імёны якіх не раскрываюцца.

Па вэрсіі паліцыі, Тэдэр і Корб дамовіліся, што прадпрымальнік ахвяруе Цэнтрысцкай партыі да мільёна эўра. Узамен Корб нібыта павінен быў паўплываць на мэрыю Таліна, каб яна прадставіла зьвязанай з Тэдэрам фірме Porto Franco магчымасьць пабудаваць па ільготнай цане падʼязныя дарогі да абʼекту, які будуецца ў Таліне.

Дарадцу міністра фінансаў Кэрсьці Крахт падазраюць у тым, што яна дамовілася з Тэдэрам выкарыстоўваць свой уплыў у міністэрстве, каб атрымаць станоўчае рашэньне па заяўцы Porto Franco. За свае паслугі Крахт павінна была атрымаць ад Тэдэра хабар, аднак перадача грошай не адбылася з прычыны затрыманьня бізнэсоўца і чыноўніцы.

Юры Ратас заняў крэсла кіраўніка ўраду Эстоніі пяць гадоў таму. З 2005-га па 2007 гады ён быў мэрам Таліна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія ў Радзе бясьпекі ААН заклікала ўлады Беларусі спыніць гвалт