Крыніцы агенцтва паведамілі, што на гэтым тыдні чакаецца зьяўленьне дакладу, у якім будуць пазначаны кампаніі, што ўдзельнічаюць у будаўніцтве газаправоду.
Дзярждэпартамэнт раней у гэтым месяцы папярэдзіў эўрапейскія кампаніі, якія падазрае ў садзейнічаньні будаўніцтву расейскага газаправоду «Паўночны паток — 2», што супраць іх могуць быць уведзеныя санкцыі.
Тым часам адміністрацыя Дональда Трампа, якая сыходзіць, рыхтуе заключную сэрыю абмежавальных мер, накіраваных супраць праекту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя санкцыі супраць «Паўночнага патоку» ўключылі ў праект абароннага бюджэту ЗША«Мы спрабуем інфармаваць кампаніі пра рызыкі і заклікаем іх выйсьці з праекту, пакуль ня стала занадта позна», — паведаміла крыніца ва ўрадзе ЗША на ўмовах ананімнасьці.
Крыніца заявіла, што, як чакаецца, Дзярждэпартамэнт да 14–15 студзеня выпусьціць даклад, прысьвечаны кампаніям, якія, на думку зьнешнепалітычнага ведамства, дапамагаюць у будаўніцтве газаправоду з Расеі ў Нямеччыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пашыраць санкцыі супраць «Паўночнага патоку — 2»Крыніца паведаміла, што ў дакладзе, магчыма, будуць згаданыя страхавыя кампаніі, кампаніі, якія дапамагаюць у пракладцы падводнага трубаправоду, або тыя, што правяраюць будаўнічае абсталяваньне праекту.
У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам такім кампаніям пагражаюць амэрыканскія санкцыі ў выпадку, калі яны ня спыняць працу.