Відэасэрвіс YouTube прыпыніў працу каналу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа сама меней на тыдзень. Пра гэта паведамляе CNN.
Прадстаўнік сэрвісу паведаміў, што нядаўна апублікаванае відэа на канале прэзыдэнта «справакавала гвалт» і было выдаленае. Якое менавіта відэа паслужыла прычынай блякаваньня каналу, у YouTube не ўдакладнілі.
Цяпер адміністратарам каналу, на які падпісаны 2,77 мільёна чалавек, на працягу тыдня забаронена публікаваць новыя ролікі і весьці жывыя трансьляцыі. Доступ да папярэдніх відэа на канале захаваны, але магчымасьць пакідаць камэнтары пад імі адключаная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп асудзіў прапанову аб’явіць яму імпічмэнтYouTube заставаўся адзінай буйной плятформай, якая не заблякавала ўліковы запіс Трампа. Акаўнты прэзыдэнта ўжо замарозілі Facebook і Instagram, а Twitter назаўжды заблякаваў старонку Трампа, на якую былі падпісаны больш за 88 мільёнаў карыстальнікаў.
У Twitter заявілі, што запісы Трампа, хай ускосна, маглі спрыяць эскаляцыі гвалту. Рашэньне выклікала спрэчкі, як у саміх ЗША, так і за мяжой. У прыватнасьці, прадстаўнікі ўладаў Нямеччыны і Францыі палічылі рашэньне кіраўніцтва сацсеткі «праблематычным», заявіўшы пра пагрозу празьмернага ўплыву кіраўніцтва прыватных тэхналягічных кампаній на грамадзка-палітычныя працэсы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ФБР папярэджвае аб патэнцыйных пагрозах цырымоніі інаўгурацыі БайдэнаБлякаваньні акаўнтаў Трампа адбыліся пасьля падзей 6 студзеня ў Вашынгтоне, калі сотні прыхільнікаў прэзыдэнта ўварваліся ў будынак Капітолія, спрабуючы сарваць зацьвярджэньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог дэмакрат Джо Байдэн.