Старшы навуковы супрацоўнік цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук тлумачыць, чаму нулявы рост эканомікі сёлета — гэта будзе самы аптымістычны варыянт; прадказвае, дзе ўрад будзе шукаць грошы, і называе некалькі новых выклікаў для беларускай эканомікі.
Сьцісла
- Людзі пачалі здымаць грошы з рахункаў. Калі гэтая тэндэнцыя працягнецца, яна можа выклікаць новы фінансавы шок.
- Для дзяржаўных прадпрыемстваў сёньня падвысіць заробкі азначае дадатковы крок у фінансавую багну.
- Падвышэньне падаткаў для ПВТ — гэта дадатковы стымул для рэлякацыі ІТшнікаў у іншыя краіны.
— Варта пачаць размову з апошняй заявы Аляксандра Лукашэнкі, які 12 студзеня, прымаючы з дакладам віцэ-прэм’ера Юрыя Назарава і міністра прамысловасьці Пятра Пархомчыка, згадваючы заходнія санкцыі, сказаў: «У Беларусі працуюць тысячы замежных прадпрыемстваў — дробныя, сярэднія, буйныя. Гэтыя краіны мусяць зразумець: у нас добра зь імі — добра гэтым прадпрыемствам. Калі яны зрабілі крокі ў няправільным кірунку і пачынаюць нас нахіляць, мы павінны сымэтрычна адказаць. Ня трэба баяцца, трэба ўжо ім паказваць зубы».
Як такія словы могуць паўплываць на інвэстыцыйную прывабнасьць Беларусі? І, па-другое, што сапраўды беларускія ўлады пры жаданьні могуць зрабіць з замежнымі прадпрыемствамі?
— Інвэстыцыйны імідж Беларусі занадта слабы, асабліва апошнія паўгода. Нейкія дадатковыя абмежаваньні для замежных і сумесных прадпрыемстваў яго проста зьнішчаць. Мяркую, што гэтыя заявы застануцца звычайнай рыторыкай. Бо ўводзіць нейкія абмежаваньні для замежных прадпрыемстваў — гэта «страляць сабе ў нагу», стварыць вялікія праблемы на ўласным рынку.
Гэта, вядома, палітычная рыторыка. Мяркую, яна ніяк не паўплывае на канкрэтныя дзеяньні. Мы чулі ўжо нямала падобных заяваў, напрыклад, пра перанакіраваньне грузаў і гэтак далей, — якія ніяк не ўвасабляліся ў дзеяньні.
— Ужо ня першы год беларускі ўрад высоўвае надзвычай аптымістычныя эканамічныя пляны на наступны год, якія потым стабільна не выконваюцца. Так і цяпер на 2021 год урад прагназуе рост. Але незалежныя эканамісты ставяцца да гэтага даволі скептычна. Чаму год за годам урад «малюе» нерэалістычныя прагнозы?
— Ведаеце, недзе ў 2013 годзе адзін з эканамічных чыноўнікаў прыблізна на такое пытаньне адказаў — «калі ўсе зоркі сыдуцца». Апошнія гады яны звычайна ў афіцыйны прагноз закладваюць нейкі ідэальны варыянт, лічбы, якія адпавядаюць нейкаму ідэальнаму аптымістычнаму сцэнару. Так і цяпер — яны прагназуюць на гэты год рост ВУП 1,8 працэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждоўг вырас, але людзі засвоілі Psiphon. 5 сумных і 5 пазытыўных лічбаў адыходзячага годуЦяпер наша эканоміка знаходзіцца ў вельмі няўстойлівым стане. Калі яе ўдасца ў гэтым стане закансэрваваць, то ў гэтым выпадку найбольш імавернай будзе лічба росту каля нуля. То бок гэта і ёсьць аптымістычны варыянт. Пры ўмовах спрыяльнай вонкавай каньюнктуры. На самой справе больш шанцаў, што вонкавая каньюнктура можа зьмяніцца ў горшы бок.
Аптымістычныя сцэнары прадугледжваюць закансэрваваны стан эканомікі. Але я пачаў з таго, што гэты стан цяпер вельмі няўстойлівы, што перад эканомікай вымалёўваецца шмат пагрозаў, набор прынцыпова іншых якасна выклікаў.
Па-першае, гэта пагроза фінансавай дэстабілізацыі. Бо на сёньня фінансавы стан дзяржаўных прадпрыемстваў вельмі сумнеўны, і гэта сур’ёзны выклік для фінансавай стабільнасьці ўсёй краіны. Пагоршылася сытуацыя на фінансавых рынках з боку ашчаджэньняў людзей, людзі зьмянілі свае паводзіны, пачалі здымаць грошы з рахункаў. Калі гэтая тэндэнцыя працягнецца, яна можа выклікаць новы фінансавы шок.
Таксама нікуды не падзеліся пагрозы для эканомікі, зьвязаныя з адносінамі з Расеяй, са станам сусьветнай эканомікі, працягам эпідэміі ковіду. Новы якасны ўзровень пагрозаў — эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і міграцыя з краіны. Калі ўсё гэта будзе разьвівацца адначасова і даволі актыўна, то пра нулявы рост ВУП можна будзе толькі марыць.
— Наконт цяперашніх санкцыяў, калі браць не палітычны, а толькі эканамічны аспэкт, існуюць розныя меркаваньні, наколькі яны рэальна ўплываюць на беларускую эканоміку. Як вы іх ацэньваеце — тактычна і стратэгічна?
— У стратэгічным сэнсе гэта сапраўды вялікая праблема. Каб пазьбегнуць зьніжэньня золатавалютных рэзэрваў, неабходна рэфінансаваць дзяржаўны доўг. І цяпер гэтая заходняя крыніца, дзе можна пазычыць грошы, зьнікае. Застаецца толькі Расея і, магчыма, Кітай. І гэта праблема на сутыку эканомікі і палітыкі, бо Беларусь будзе павялічваць сваю залежнасьць ад тых крэдытораў, якія засталіся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканаміст Леанід Заіка: «Актыў» Лукашэнкі адчувае, што ўсё скончылася— Нядаўна на сэсіі Палаты прадстаўнікоў прэм’ер Галоўчанка прадставіў некаторыя пляны і крокі, якія ў іншай сытуацыі можна было б палічыць даволі лібэральнымі. Але ў цяперашняй на гэта мала хто зьвярнуў увагу. Ці могуць гэтыя абвешчаныя крокі зьмяніць падыходы ўладаў да эканамічных праблемаў?
— Маецца на ўвазе праграма дзеяньняў ураду. Там сапраўды ёсьць некалькі крокаў, якія, прынамсі «на паперы», бачацца прывабнымі і мэтазгоднымі. Праблемы, хутчэй, у палітычнай волі да выкананьня такіх крокаў. Раней шмат прыгожых і правільных крокаў былі ўключаныя ў розныя праграмы дзеяньня некалькіх мінулых гадоў, але рэдка выконваліся. Таму галоўнае — гэта палітычная воля і давер з боку грамадзтва, гатоўнасьць людзей успрымаць тое, што ўлады абяцаюць. Але гэтага даверу няма.
— Калі ўсяму грамадзтву давядзецца зацягваць паясы, то хто, якія галіны і слаі будуць самымі пацярпелымі? А якія «сьвятыя каровы» заўсёды будуць мець сваё, дзе ніякага скарачэньня ніколі ня будзе?
— У бюджэце дэкляруецца падтрымка бюджэтнікаў, падвышэньне заробкаў у дзяржаўным сэктары. Калі эканоміка моцна не ўпадзе, то варта чакаць, што захаваецца статус-кво, магчыма, зь невялікім паляпшэньнем для працаўнікоў у дзяржаўным сэктары. Але ці магчыма гэта — вяртаемся да тых самых пагрозаў і ўмоваў, пра якія я ўжо гаварыў раней. Бо для дзяржаўных прадпрыемстваў сёньня падвысіць заробкі азначае дадатковы крок у фінансавую багну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павысілі падаткі. Якіх праблемаў чакаць у ІТ і ў апэратараў сувязі— Улады ўжо пачалі шукаць, дзе знайсьці грошы. Падвысілі падаткі для супрацоўнікаў ІТ-сэктару, падвысілі ПДВ (падатак на дададзеную вартасьць). Які эфэкт ад гэтых крокаў можна прадбачыць?
— Будзе пэўны штуршок для росту цэнаў, гэта адчуецца ўжо ў першым квартале. Як уладамі будзе вырашацца задача пошуку сродкаў у бюджэт — я пакуль ня бачу. Натуральна, падвышэньне падаткаў для ПВТ — гэта дадатковы стымул для рэлякацыі ІТшнікаў у іншыя краіны. Урад будзе працягваць шукаць новыя крыніцы даходаў, каб хоць неяк абмежаваць дэфіцыт бюджэту. Але добрых рашэньняў я тут ня бачу. Залезьці ў кішэню прыватнага сэктару — магчыма, такая думка многімі ва ўрадзе кіруе.
— У гісторыі Беларусі апошнія 10 гадоў ёсьць і фінансавыя крызісы, і гады падзеньня ВУП, і гады падзеньня рэальных даходаў насельніцтва. Ці сьведчыць гэта пра нейкую сыстэмную, стратэгічную хібу беларускай эканомікі? Якія гістарычныя паралелі можна правесьці, з чым параўнаць цяперашні стан эканомікі?
— Беларуская эканоміка мае сыстэмную слабасьць, уразьлівасьць, якая пэрманэнтна нараджае крызісы рознага кшталту. Рост, які назіраўся ў 2003-10 годзе, быў, як кажуць эканамісты, транзытыўны, ён абапіраўся на ненадзейныя мэханізмы, якія толькі часова маглі дзейнічаць. Каб далей рухацца і расьці, трэба ствараць новыя тавары і паслугі, а не абапірацца на старое. Для стварэньня новага эканоміцы патрэбны іншы інстытуцыйны падмурак, новыя законы і ўмовы. Але дзяржава ня хоча ствараць гэта з палітычных меркаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь можа стаць новай Эстоніяй ці новай Фінляндыяй, — філёзаф ГаруноўАпошнія 10 гадоў, паводле ўсіх эканамічных індыкатараў, можна назваць пэрыядам стагнацыі, які суправаджаўся эпізодамі фінансавай дэстабілізацыі. І калі праводзіць гістарычныя паралелі, то можна ў пэўным сэнсе параўнаць з канцом 80-х у СССР. Сытуацыі не ідэнтычныя, але пэўныя падабенствы ёсьць.