Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім мяркуе, што адсутнасьць палітычных кантактаў на найвышэйшым узроўні і сытуацыя з выдачай Расеі баевікоў-вагнэраўцаў, якія ваявалі на акупаванай частцы Данбасу, нэгатыўна ўплывае на вынікі эканамічнай супрацы дзьвюх краін.
«Палітычныя аспэкты, тое, што адбывалася з „вагнэраўцамі“, з абразамі на адрас Украіны і кіраўніцтва Ўкраіны, — мы, вядома ж абстрагуемся, але гэта мае адназначна вялікі ўплыў. Мы мусім гэта ўлічваць, і тое, што робіцца ў эканамічнай дыпляматыі, той максымум, што мы можам зрабіць, — пазьбегнуць нэгатыўных уплываў на ўзаемны гандаль», — сказаў Ігар Кізім 12 студзеня на відэаканфэрэнцыі «Эканамічная дыпляматыя: ці адпавядаюць інструмэнты рэаліям суседзтва? Беларускі кейс», арганізаванай кіеўскім аналітычным цэнтрам «Українська призма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адрываецца ад рэальнасьці». Украінскі міністар адрэагаваў на выпад Лукашэнкі ў адрас ЗяленскагаУ той жа час дыплямат падкрэсьліў, што двухбаковыя палітычныя аспэкты толькі ўзмацнілі нэгатыўны ўплыў, запачаткаваны эпідэміяй каранавірусу і эўрапейскімі санкцыямі супраць Беларусі.
«Мы ведаем, што тут адбылося, якое жорсткае было зьбіцьцё... Тыя санкцыі, якія ўводзяцца супраць суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасьці або супраць тых ці іншых асобаў, — яны так ці інакш нэгатыўна паўплываюць і на нашыя дачыненьні. Бо такія субʼекты становяцца таксычнымі, і гэта будзе стрымліваць і прадстаўнікоў нашага ўраду, і бізнэсоўцаў у кантактах зь імі, бо калі разьвіваць кантакты з такімі асобамі, то сам можаш трапіць пад санкцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных справаў Украіны агучыў пэсымістычны сцэнар для БеларусіІгар Кізім мяркуе, што Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, скасаваны летась з ініцыятывы ўкраінскага боку, наўрад ці адбудзецца і сёлета.
«Трэці форум, які мы плянавалі, — мяркую, што яго ня будзе нават сёлета. Не таму, што я такі вялікі пэсыміст, але давайце казаць так. Гэты форум плянаваўся, і, уласна, задумка была такая, што ён адбываецца пад эгідай двух прэзыдэнтаў, і пакуль Уладзімір Зяленскі і Аляксандар Лукашэнка ня ладзяць, такая сустрэча наўрад ці адбудзецца. Таму зь іх мусіць нехта пайсьці. Нешта мне падказвае, што раней пойдзе Лукашэнка, але гэта пытаньне, якое будзе вельмі прынцыповым для форуму. Без прысутнасьці прэзыдэнтаў форум страчвае пэўны сэнс».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба сасьпець». Кіеў расказаў аб умовах кантактаў зь Ціханоўскай і ўладамі Беларусі