12 студзеня суд разглядаў адміністратыўны пратакол на Валерыю Сьмірнову. Жанчыне 89 гадоў, месяц таму яе затрымалі на плошчы Незалежнасьці. Сёньня суд прызнаў яе вінаватай па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі) і прызначыў штраф 870 рублёў, паведамляе Tut.by.
Судзьдзя Юлія Шут, якая вынесла прысуд, ня першы год вядомая сваім удзелам у «палітычных» справах. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, да прыкладу, яна адпраўляла на суткі журналістак Насту Захарэвіч і Яну Трусілу.
У дзень акцыі пэнсіянэраў на плошчы Незалежнасьці сілавікі затрымалі каля 80 чалавек сталага веку. Сярод іх была і 89-гадовая Сьмірнова разам з дачкой Людмілай, якой 67 гадоў. У той дзень яны правялі ў РУУС больш за шэсьць гадзін. У аўтобус, па ўспамінах Валерыі Сьмірновай, іх літаральна «занесьлі», прытым схлусілі, што адпусьцяць пасьля ўстанаўленьня асобы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да чатырох месячных пэнсій штрафу. Судзяць пэнсіянэраў, затрыманых у Менску падчас маршу пратэсту 14 сьнежняПраўнучка Дар’я, якая прысутнічала ў судзе, расказала праваабаронцам, што яе прабабулі ставілі ў віну вокліч «Жыве Беларусь!». Так сказаў ананімны сьведка, які назваўся супрацоўнікам міліцыі і выступіў у судзе празь відэасувязь.
Рашэньне суду пэнсіянэрка плянуе абскардзіць. А пакуль найбліжэйшая задача — прыйсьці ў суд 13 студзеня, калі будуць судзіць ужо яе дачку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 84-гадовага Яна Грыба аштрафавалі на 1160 рублёў, ён адмовіўся заходзіць у залю паседжаньняў