Супрацоўнікі санаторыю «Беларусь» просяць дапамогі ў прэзыдэнта Літвы і ў Ціханоўскай

Друскенікі

Супрацоўнікі санаторыю «Беларусь» у літоўскіх Друскеніках правялі сымбалічную акцыю з просьбай дапамагчы ў сувязі з прымяненьнем санкцый ЭЗ.

Як паведамляе delfi.lt, ва ўмовах пандэміі каранавірусу работнікі паставілі каля агароджы санаторыю зьнічкі і плякаты «Чаму санкцыі ўжытыя ў адносінах да літоўцаў?», «Што будзеце рабіць з 400 беспрацоўнымі?», «Прэзыдэнт, абараніце жыхароў Літвы, якія вас абралі».

Супрацоўнікі санаторыю маглі страціць заробкі, бо рахункі ўстановы ў банку Swedbank замарожаныя пасьля ўвядзеньня санкцыяў ЭЗ супраць Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Літва зрабіла выключэньне, каб выплаціць заробак грамадзянам Літвы за сьнежань.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рахункі санаторыя «Беларусь» у Літве арыштавалі праз санкцыі

Парлямэнт Літвы разглядае папраўкі, паводле якіх звольненыя супрацоўнікі санаторыю атрымаюць выплаты, але некаторыя ставяць пад сумнеў эфэктыўнасьць такога рашэньня.

Кіраўнік прафсаюзаў паўднёвай Літвы Арунас Лякявічус заявіў, што ў справе перагляду санкцыяў просіць дапамогі ня толькі ў кіраўніцтва Літвы, але і ў Сьвятланы Ціханоўскай.

  • Раней прэс-сакратарка кіраўніка літоўскага МЗС Габрыэлюса Ландсбергіса Вітаўце Шмайжыце патлумачыла, што ў ведамстве ўсьведамляюць, у якой складанай сытуацыі цяпер літоўскія грамадзяне, якія працуюць у санаторыі, а таму абмяркоўваюць розныя варыянты дапамогі, каб дапамагчы толькі сваім грамадзянам, а не рэжыму Лукашэнкі. Шмайжыце таксама падкрэсьліла, што праз далейшы гвалт у Беларусі ўзрасла рызыка для прадпрыемстваў, якія наўпрост працуюць з рэжымам. «Вельмі важна не забываць, чаму былі ўведзеныя санкцыі ў дачыненьні да прадпрыемстваў і фізычных асобаў Беларусі — за няспынны гвалт супраць мірных пратэстоўцаў у краіне. Магчыма, санкцый будзе яшчэ больш».
  • «Гэта ня толькі недасканаласьць прынятых рашэньняў, пра якую мы ўвесь час казалі, але і прыклад крывадушнасьці. Адразу літоўскі бок бяздумна ці, наадварот, сьвядома заварвае праблему, пакінуўшы сваіх грамадзян у навагоднія сьвяты без заробку, а затым заяўляе пра гераічныя высілкі ў вырашэньні пытаньня. Сытуацыя, зразумела, у нас на кантролі, і мы абавязкова праінфармуем, калі яе вырашыць літоўскі бок», — адрэагаваў начальнік упраўленьня інфармацыі МЗС Анатоль Глаз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва дапаможа работнікам санаторыю «Беларусь», рахункі якога арыштавалі праз санкцыі. МЗС Беларусі адрэагаваў