У Гомлі памёр вядомы плястычны хірург Павал Беразаеў. Яму было 65 гадоў. У лекара быў COVID-19. Каля месяца ён быў падлучаны да апарата ШВЛ. Пра гэта Tut.by паведамілі калегі.
Павал Беразаеў — хірург найвышэйшай катэгорыі. З 1984 году працаваў загадчыкам аддзяленьня рэабілітацыі і мікрахірургіі Гомельскага абласнога анкадыспансэру. З 2011 году — загадчыкам аддзяленьня малаінвазіўнай і рэканструктыўнай хірургіі Гомельскай гарадзкой клінічнай лякарні № 3. У Гомлі і далёка за яго межамі Беразаеў вядомы перш за ўсё як выдатны плястычны хірург. Сваю першую плястычную апэрацыю ён выканаў яшчэ ў 1995 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масавая вакцынацыя мэдыкаў дагэтуль не пачаласяУ Менску 11 студзеня памёр галоўны лекар Цэнтру фтызіяпульманалёгіі Андрэй Астроўка. Яму было 44 гады. Інфармацыю «Нашай Ніве» пацьвердзілі супрацоўнікі менскага клінічнага цэнтру фтызіяпульманалёгіі.
Андрэй Астроўка скончыў БДМУ і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Працаваў у Навукова-дасьледчым інстытуце пульманалёгіі і фтызіятрыі, узначальваў 2-і гарадзкі супрацьтубэркулёзны дыспансэр. Быў галоўным пазаштатным фтызіятрам камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму.
Таксама тэлеграм-канал незалежнага аб’яднаньня мэдыкаў «Белые халаты» сёньня паведаміў пра сьмерць загадчыцы міжраённага эндаскапічнага кабінэта ў 3-й гарадзкой дзіцячай клінічнай бальніцы Аляксандры Коржык. «Доктар хварэла, у яе быў каранавірус», — гаворыцца ў паведамленьні.
Таксама ад каранавірусу 12 сьнежня памерла старшы выкладчык катэдры інфармацыйных тэхналёгій у культуры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў Тацяна Арэшка. Інфармацыю Tut.by пацьвердзілі на катэдры, дзе яна працавала.
Па словах студэнтаў унівэрсытэту, Тацяна Арэшка асабіста прымала курсавыя работы ў пяцікурсьнікаў, паколькі бо абавязалі прыяжджаць на сэсію, нягледзячы на эпідэміялягічную абстаноўку. Захварэла яна ў канцы сьнежня. Тацяна Арэшка працавала ў БДУКМ з 1996 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр былы кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Філарэт. У яго быў каранавірусСёньня стала вядома і пра сьмерць былога кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта Філарэта, які таксама хварэў на каранавірус.
Паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі за апошні дзень выявілі 1731 новага хворага на COVID-19, памерлі 9 пацыентаў. Ад пачатку эпідэміі ў Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, на COVID-19 захварэлі 215 724 чалавек, 1535 памерлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай не дазволіў прыехаць камісіі САЗ для вывучэньня паходжаньня COVID-19