Папа Францішак пашырыў правы жанчын у каталіцкіх набажэнствах

Папа Францішак прамаўляе каляднае пасланьне, Ватыкан, 25 сьнежня 2020

Папа Францішак падпісаў апостальскае пасланьне, якое ўзаконіла права жанчын на выкананьне, сярод іншага, функцыяў чытальнікаў і акалітаў (алтарнікаў), піша Reuters.

Агенцтва адзначае, што папа Францішак афіцыйна замацаваў правы, якія жанчыны ўжо маюць на працягу многіх гадоў у шмат якіх краінах. Пасьля ўнясеньня паправак у Кодэкс кананічнага права кансэрватыўныя біскупы ня змогуць пазбаўляць жанчын у іх дыяцэзіях магчымасьці выконваць гэтыя ролі.

У лісьце папа сказаў, што хоча дамагчыся «стабільнасьці, грамадзкага прызнаньня» жанчынам, якія ўжо выконваюць такія ролі. Паводле яго, рашэньне было прынятае пасьля тэалягічных разважаньняў і пасьля таго, як многія біскупы з усяго сьвету прапанавалі зрабіць гэтыя зьмены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак асудзіў штурм Капітолія

У 1972 годзе папа Павал VI вызначыў становішча акалітаў: у многіх каталіцкіх грамадах жанчыны пачалі запальваць і насіць сьвечкі, рыхтавалі хлеб і віно, а таксама чыталі Біблію падчас набажэнстваў. Цяпер гэта атрымала афіцыйнае замацаваньне ў Кодэксе кананічнага права. Пры гэтым папа Францішак зьвярнуў увагу на тое, што выкананьне сьвецкіх службаў ня мае нічога агульнага з магчымасьцю высьвячэньня жанчын.

Жанчыны ў Ватыкане займаюць некалькі важных пасадаў. Напрыклад, у студзені 2020 года ўпершыню ў гісторыі 66-гадовая Франчэска Дзі была прызначаная ў Дзяржаўны сакратарыят Ватыкану. Яна стала намесьніцай дзяржаўнага сакратара Апостальскага пасаду. Папа Францішак выступае за паступовае пашырэньне ролі жанчын у Ватыкане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найстарэйшы ярарх Беларусі. Чым вядомы біскуп Велікаселец, якога папа часова прызначыў кіраваць Каталіцкай царквой