Каардынатарку перадвыбарчага штабу прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыкі, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі Марыю Калесьнікаву перавялі з жодзінскай турмы ў менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага, паведаміла БелаПАН адвакатка Людміла Казак.
Паводле яе, Марыю этапавалі ў Менск 8 студзеня на цягніку. «Пабудзілі каля другой гадзіны ночы, паказалі пастанову на перавод і сказалі зьбіраць рэчы. Як адзначае сама Маша, гэта была рамантычная паездка на начным цягніку», — кажа адвакатка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава застанецца ў жодзінскім ізалятары сама меней да 8 сакавікаКазак наведвала сваю падабаронную ў СІЗА ў Менску 11 студзеня.
«Са здароўем і з настроем у яе ўсё ў парадку. Няма пакуль такога фактару, які мог бы яе актыўнасьць і бадзёрасьць зьменшыць. Адчувае сябе па-ранейшаму поўнай сіл, заняпаду ніякага не назіраецца», — кажа адвакатка.
На пытаньне, з чым зьвязаны перавод Калесьнікавай у Менск, Казак адказаць не змагла.
«Да суду нам дакладна яшчэ вельмі далёка. Невядома, калі канец сьледзтва. Таму справа дакладна ня ў гэтым. Марыі прычыну пераводу таксама не назвалі. Спадзяюся заўтра даведацца ў сьледчага — заплянаваныя сьледчыя дзеяньні», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ня ведаў, што мяне чакае далей». Краўцоў і Раднянкоў расказалі, як іх затрымалі і вывезьлі ва ЎкраінуМарыю Калесьнікаву затрымалі 7 верасьня ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.
У верасьні ёй выставілі абвінавачаньне ў «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт», а ў сьнежні — яшчэ адно, за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне такім фармаваньнем» (маецца на ўвазе Каардынацыйная рада для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу).
Калесьнікава зь верасьня заставалася ў турме ў Жодзіне. 6 студзеня стала вядома, што тэрмін утрыманьня пад вартай ёй працягнулі да 8 сакавіка.