Паводле слоў міністра, Латвія па-ранейшаму гандлюе беларускай электраэнэргіяй, якая паступае і ў Літву, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на BNS. Дайнюс Крэйвіс чакае, што плян будзе гатовы ў канцы студзеня — пачатку лютага. Ён мае прайсьці ўзгадненьні ў профільных ведамствах.
Паводле словаў міністра, прыняты ў Літве закон супраць электраэнэргіі з Астравецкай АЭС не рэалізуецца.
«Дзяржаўная служба рэгуляваньня энэргетыкі зусім ясна заявіла: электраэнэргія, якая сёньня паступае ў Літву, закупляецца ў Беларусі, а потым на Рыскай біржы. І парушае закон. [...] Факт застаецца фактам: латышы гандлююць беларускай электраэнэргіяй».
Ад 1 студзеня Літва старшынюе ў Балтыйскай радзе міністраў, таму Крэйвіс спадзяецца, што пытаньне байкоту БелАЭС будзе адным з цэнтральных на яе парадку дня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржатамнагляд выдаў дазвол на досьледна-прамысловую эксплюатацыю БелАЭСНовы ўрад Літвы, які сфармавалі ў сьнежні 2020 году, жадае паскорыць рэалізацыю праекту сынхранізацыі энэргасетак зь сеткамі мацерыковай Эўропы і блякаваць пападаньне электраэнэргіі зь БелАЭС.
Урад сьцьвярджае, што БелАЭС не павінна дзейнічаць, бо яна небясьпечная, а Літва ня будзе купляць электраэнэргію ў Беларусі. Сярод мэтаў праграмы значацца «абсалютная блякада БелАЭС і дасягненьне яе ў маштабе Эўразьвязу».
Літва ў лістападзе адмовілася зацьвярджаць мэтодыку гандлю электраэнэргіяй краінаў Балтыі з трэцімі краінамі, якую мелі выкарыстоўваць пасьля запуску Беларускай АЭС. У Вільні ня бачаць, каб новая мэтодыка замінала гандлю беларускай энэргіяй, і такі гандаль па-ранейшаму можа праводзіцца з выкарыстаньнем энэргаінфраструктуры Літвы.
Літва 3 лістапада 2020 году, пасьля запуску БелАЭС, спыніла гандаль электраэнэргіяй зь Беларусьсю. Пры гэтым Латвія 5 лістапада пачала гандляваць электраэнэргіяй з Расеяй, што Вільня палічыла парушэньнем трохбаковага пагадненьня паміж краінамі Балтыі.
У рамках байкоту электраэнэргіі зь БелАЭС тры краіны Балтыі дамовіліся прыняць новую мэтодыку гандлю з трэцімі краінамі, згодна зь якой пастаўкі будуць рабіць празь перамычку мяжы Латвіі і Расеі, тады як да 3 лістапада яны ажыцьцяўляліся празь перамычку Беларусь-Літва. Пры гэтым літоўскі бок лічыць, што новая мэтодыка мае ўступіць у сілу пасьля зацьвярджэньня рэгулятарамі ўсіх трох краінаў, а да таго будзе актыўнай мэтодыка 2018 году, згодна зь якой краіны павінны спыніць гандаль электраэнэргіяй з Расеяй (за выключэньнем Калінінградзкай вобласьці) і Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна аднавіла пастаўкі беларускай энэргіі. Дэпутаты парлямэнту супраць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністарка эканомікі Літвы: Часовыя эканамічныя цяжкасьці праз санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму апраўданыя