Самыя гучныя галадоўкі ў Беларусі

Падчас галадоўкі «Маці 328» у Калінкавічах, 29 красавіка 2018

Галадоўка — крайняя форма пратэсту, калі людзі ня маюць іншых спосабаў давесьці сваю пазыцыю. У Беларусі галадоўнікам рэдка ўдаецца дамагчыся выніку, але прынамсі яны прыцягваюць увагу грамадзтва да праблемы, празь якую наважыліся на такі чын.

Нагадаем самыя гучныя галадоўкі сучаснай беларускай гісторыі.

1996: Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка. Тры тыдні

Сяброў БНФ Вячаслава Сіўчыка і Юрыя Хадыку арыштавалі ўвесну 1996 году пасьля акцыяў апазыцыі за «арганізацыю беспарадкаў». Палітыкі трымалі галадоўку тры тыдні, урэшце іх вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Крымінальную справу супраць іх спынілі празь некалькі гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Барыс Ельцын ратаваў лідэраў БНФ «ад расстрэлу»

2005–2006 і 2009: Мікалай Аўтуховіч. Агулам 164 дні

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч галадаў двойчы. У 2005–2006 гадах, калі яго абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, — 74 дні супраць зьняволеньня на час сьледзтва, дамогся пераводу з турмы пад хатні арышт. У 2009 годзе, калі яму закінулі падпал дому міліцыянта, — 90 дзён супраць бязьдзейнасьці сьледчых, якія трымалі яго ў СІЗА, не выстаўляючы афіцыйнага абвінавачаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Воін-аўганец, бізнэсовец, палітвязень. Хто такі Мікалай Аўтуховіч, якога БТ без суду абвінаваціла ў тэрарызьме?

2005: Сяргей Скрабец. 40 дзён

Былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў арыштавалі і асудзілі на 2,5 года, абвінаваціўшы ў выманьваньні крэдыту ў дзяржавы. Пасьля затрыманьня Скрабец галадаў амаль 40 дзён у Берасьцейскім сьледчым ізалятары супраць фальсыфікацыі абвінавачаньня. У выніку галадоўкі, паводле Скрабца, прынамсі палепшыліся ўмовы яго ўтрыманьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітзьняволены Сяргей Скрабец прэзэнтаваў відэакліп на ўласную песьню «Жыве Беларусь!»

2006: Маладафронтаўцы. 20 дзён

Сябры «Маладога фронту» пачалі ў Салігорску эстафэтную галадоўку, да якой паступова далучаліся актывісты арганізацыі па ўсёй краіне. Маладафронтаўцы патрабавалі спыніць крымінальны перасьлед лідэраў руху й вызваліць усіх палітычных вязьняў. За 20 дзён у эстафэтнай галадоўцы прынялі ўдзел, паводле ацэнак тагачаснага старшыні «Маладога Фронту» Зьмітра Дашкевіча, каля 100 чалавек. Галадоўка Дашкевіча была найдаўжэйшая — 16 сутак. Патрабаваньні выкананыя не былі, але галадоўка мела розгалас, бо сярод удзельнікаў было шмат непаўналетніх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывісты "Маладога фронту" спынілі галадоўку, якая трывала 20 сутак

2006: Аляксандар Казулін. 53 дні

Былы рэктар БДУ і экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў затрыманы і асуджаны на 5 гадоў турмы за арганізацыю вулічных беспарадкаў. 20 кастрычніка 2006 году абвясьціў галадоўку пратэсту — супроць незаконнага, як ён заявіў, знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі і каб прыцягнуць увагу да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. За 53 дні галадоўкі страціў 40 кг.

Рада бясьпекі ААН у выніку галадоўкі ўнесла беларускае пытаньне ў парадак дня, але Расея заблякавала абмеркаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казулін: «Калі ў лепшую будучыню ня верыць, то гэтай будучыні і ня будзе»

2010: Мікалай Статкевіч. 24 дні

Мікалая Статкевіча затрымалі 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці падчас акцыі супраць фальсыфікацый на прэзыдэнцкіх выбарах. Ён адразу абвясьціў галадоўку пратэсту. Дамагаўся, каб вынікі выбараў скасавалі з прычыны масавых фальсыфікацый. Галадоўку спыніў праз пагрозу гвалтоўнага кармленьня. Яго асудзілі на 6 гадоў калёніі за арганізацыю масавых беспарадкаў, у 2015 вызвалілі датэрмінова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьням Мікалаю Статкевічу і Зьмітру Казлову працягнулі арышт да 29 сакавіка

2011, 2012: Сяргей Каваленка. Дзьве галадоўкі, агулам тры месяцы

Сябру Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргею Каваленку прысудзілі «хатнюю хімію» за тое, што 7 студзеня 2010 г. ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ялінцы ў цэнтры Віцебску. У 2011 і 2012 гг. яго арыштоўвалі за парушэньне ўмоваў адбыцьця пакараньня, ён двойчы абвяшчаў галадоўкі, за час якіх схуднеў на 30 кіляграмаў. Агулам галадоўкі доўжыліся каля 3 месяцаў. Яго неаднаразова спрабавалі прымусова карміць, зьмяшчалі ў турэмны шпіталь. Прысудзілі 2 гады калёніі, але датэрмінова вызвалілі пасьля прашэньня аб памілаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Турма мяне не зламала і не зьмяніла»

2018: «Маці 328». 14 дзён

«Рух 328» — аб’яднаньне жанчын, родныя якіх адбываюць пакараньне паводле, як лічаць многія, неапраўдана жорсткага «наркатычнага» артыкула 328. У красавіку 2018-га 13 жанчын з «Руху 328» адмовіліся ад ежы, патрабуючы сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, каб расказаць пра несправядлівыя прысуды і дамагчыся зьніжэньня тэрмінаў па артыкуле. Галадоўка доўжылася 14 дзён. Яе спынілі пасьля сустрэчы галадоўніц з кіраўніцай адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Натальляй Качанавай, якая паабяцала вывучыць пытаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маці 328» атрымалі адказ ад Качанавай, патрабуюць сустрэчы з Лукашэнкам

2020: Ігар Лосік. Ад 15 сьнежня дагэтуль

Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» і фрылансэр-кансультант беларускай службы Радыё Свабода Ігар Лосік быў затрыманы ў чэрвені 2020 году за «падрыхтоўку да парушэньня грамадзкага парадку». 15 сьнежня абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня яму дадатковых абвінавачаньняў. Патрабуе зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў або зьмены меры стрыманьня. 11 сьнежня суд пакінуў Ігар Лосіка пад вартай у Жодзінскім СІЗА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд пакінуў Ігара Лосіка пад вартай. Ён галадае ужо 28 дзён