Папа Францішак асудзіў штурм Капітолія

Папа Францішак

Папа Францішак, камэнтуючы штурм Капітолія 6 студзеня, заявіў, што людзі, якія выступаюць супраць дэмакратыі, заслугоўваюць асуджэньня, кім бы яны ні былі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Я быў шакаваны тым, што гэтыя людзі вырасьлі ў дэмакратычнай краіне», — сказаў пантыфік, упершыню публічна камэнтуючы падзеі на Капіталійскім пагорку ў Вашынгтоне ў інтэрвію італьянскаму каналу «Canale 5».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды ў акрузе Калюмбія разглядаюць справы аб нападзе на Кангрэс

Папа скрытыкаваў «людзей, якія ідуць на шлях супраць грамадзтва, супраць дэмакратыі, супраць агульнага дабра». Ён удакладніў, што гвалт можа ўспыхнуць дзе заўгодна, і цяпер важна зразумець, што пайшло ня так, і зрабіць высновы з гэтай гісторыі.

Міністэрства юстыцыі ЗША абвінаваціла 13 чалавек у злачынных дзеяньнях у Капітоліі. У прыватнасьці, быў арыштаваны ўдзельнік акцыі пратэсту, які раней падзяліўся ў сацыяльных сетках відэазапісам, на якім ён сядзіць у кабінэце сьпікера Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі, а таксама запісаў відэа, у якім заявіў, што ў сераду ён ня быў арыштаваны. 60-гадоваму Рычарду Барнэту выставілі абвінавачаньне ў пранікненьні ў зону забароны, крадзяжах і гвалце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шаман з QAnon. Як тэорыя змовы ўплывае на амэрыканскую палітыку

Расьсьледаваньне і праваахоўныя дзеяньні працягваюцца, запэўнілі ФБР і пракуратура ЗША. Намесьнік генэральнага пракурора Кен Кол падкрэсьліў рашучасьць праваахоўных органаў прыцягнуць удзельнікаў нападу да адказнасьці.