Ціханоўская: народны рэфэрэндум па новай Канстытуцыі павінен прайсьці да канца 2021 году і без Лукашэнкі

Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што праект новай Канстытуцыі Беларусі можа быць гатовы да канца 2021 году, а яго лёс вырашаць на рэфэрэндуме.

«У Беларусі можа быць прынятая толькі адна новая Канстытуцыя — народная. Пісаць і абмяркоўваць яе будзе народ. А чалавек, які апусьціўся да тэрору ў дачыненьні да беларусаў, ніякага дачыненьня да галоўнага закону краіны ня мае», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

Яна перакананая, што Лукашэнка будзе імкнуцца і далей «прасоўваць свой маніпулятыўны праект, каб чарговы раз падмануць нас і выйграць час для сябе», паспрабуе «прадаць нам стабільнасьць зь пятлёй на шыі», але беларусы больш ня вераць яму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка паабяцаў праект новай Канстытуцыі Беларусі да канца году

«У 2020-м мы заявілі, што ня лічым яго прэзыдэнтам. Значыць, мы ня прымем ніякіх яго фэйкаў замест Канстытуцыі, ніякіх тайных сходаў і інсцэніраваных рэфэрэндумаў, і ўжо сапраўды — ніякіх новых законаў, пакуль ён утрымлівае пост з дапамогай зброі», — заявіла Ціханоўская.

Яна падкрэсьліла, што новыя выбары і народны рэфэрэндум па новай Канстытуцыі павінны прайсьці да канца 2021 году і без Лукашэнкі.

Бліжэйшым часам Офіс Сьвятланы Ціханоўскай прадставіць прапановы па праекце Канстытуцыі, якія будуць адкрытыя для абмеркаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйная рэформа хаваецца за гарызонтам