Кім Чэн Ын абяцае пашырыць ядзерны арсэнал Паўночнай Карэі

Кім Чэн Ын выступае на зьезьдзе Рабочай партыі, 6 студзеня 2021

Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын заявіў, што ЗША — «найвялікшы вораг» ягонай краіны, і што ён не чакае, што Вашынгтон зьменіць сваю палітыку ў дачыненьні да Пхеньяну — хто б там ні быў прэзыдэнтам.

Зьвяртаючыся да нячастага зьезду сваёй кіруючай Рабочай партыі, Кім таксама паабяцаў пашырыць арсэнал ядзернай зброі Паўночнай Карэі і ваенны патэнцыял.

Ён сказаў, што пляны стварэньня атамнай падводнай лодкі практычна завершаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: лідэр Паўночнай Карэі зьявіўся на публіцы пасьля трох тыдняў адсутнасьці

Аналітыкі мяркуюць, што выказваньні Кім Чэн Ына — гэта спроба зрабіць ціск на новую адміністрацыю ЗША, якая прыйдзе да ўлады 20 студзеня, калі адбудзецца інаўгурацыя новаабранага прэзыдэнта Джо Байдэна.

Кім Чэн Ын падтрымліваў цёплыя дачыненьні з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, хоць за часы яго прэзыдэнцтва ў перамовах аб ядзернай праграме Паўночнай Карэі было дасягнута мала.