Зьняволеная журналістка Кацярына Андрэева чакае этапаваньня ў Менск, сьледзтва па яе справе, імаверна, завершанае

Палітзьняволеныя журналісткі Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Кацярына Барысевіч.

Муж зьняволенай журналісткі «Белсату» Ігар Ільяш атрымаў ад Кацярыны ліст з жодзінскай турмы.

Адвакат па справе Кацярыны Андрэевай застаецца пад падпіскай аб неразгалошваньні і ня мае права паведаміць нават сваякам, на якой стадыі знаходзіцца справа журналісткі. 9 студзеня Ігар Ільяш атрымаў ліст ад Кацярыны ад 1 студзеня 2021 года. У ім палітзьняволеная піша, што ў хуткім часе чакае пераводу ў Менск, паведамляе «Белсат».

«З кантэксту зразумела, што гаворка ідзе пра этапаваньне на суд. Гэта цалкам лягічна: Кацярыну пераводзілі ў Жодзіна на час сьледзтва. Паколькі яна мае падставы разьлічваць на этапаваньне ў Менск, значыць сьледзтва было завершанае і трэба чакаць, што неўзабаве будзе суд», — кажа Ігар Ільяш.

Калі можа адбыцца этапаваньне і суд невядома. Кацярына піша наконт будучага судовага працэсу:

«Прагнозаў не раблю нават. Гатовая да ўсяго. Зьдзівіць даволі складана мяне цяпер».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9 у СІЗА, 477 затрыманыя па адміністратыўных справах. Статыстыка перасьледу беларускіх журналістаў у 2020 годзе

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада — яны былі затрыманыя за стрым, у якім у жывым эфіры паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэньне сілавікамі народнага мэмарыялу на «плошчы Перамен» у Менску. Кацярыне і Дар’і выстаўлена абвінавачваньне паводле ч. 1 арт. 342 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістку Кацярыну Андрэеву адмовіліся вызваліць пад парукі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўтары тысячы грамадзян Расеі, Беларусі, Украіны і іншых краін патрабуюць вызваліць беларускіх журналістак